30 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Цэнтры грамадскіх арганізацый "Бейт Амот" у Хайфе (Ізраіль) адкрылася міжнародная фотавыстава "Мы з Беларусі", прысвечаная 100-годдзю беларускай дзяржаўнасці. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў пасольстве Беларусі ў Ізраілі.
Экспазіцыя арганізавана членамі мясцовага фотаклуба "Цафон". Па традыцыі яна праводзіцца пад эгідай Міністэрства аліі і інтэграцыі Ізраіля і мэрыі Хайфы пры падтрымцы пасольства Беларусі.
На вернісажы прадстаўлена 200 работ больш як 100 аўтараў - як жыхароў Беларусі, так і ўраджэнцаў краіны, якія пражываюць у Ізраілі, Расіі, ЗША, Англіі, Германіі і Чэхіі. Большасць фотаздымкаў прысвечана беларускай прыродзе, яе памятным мясцінам, традыцыям і сучаснаму жыццю.
Частка экспазіцыі сфарміравана з фондаў пасольства і ўключае работы фотакарэспандэнтаў БЕЛТА, а таксама архіўныя матэрыялы беларускіх музеяў. Здымкі расказваюць аб станаўленні і развіцці беларускай дзяржаўнасці, беларуска-ізраільскіх сувязях, жыцці яўрэйскай абшчыны ў Беларусі. Асобны блок прысвечаны тэматыцы халакосту - гэта фотадакументы з лагера смерці "Трасцянец" і Мінскага гета, а таксама фатаграфіі з мітынгу-рэквіема "Брама памяці" з нагоды адкрыцця мемарыяльнага комплексу "Трасцянец" у чэрвені 2018 года.
На адкрыцці выставы пасол Беларусі ў Ізраілі Уладзімір Скварцоў акцэнтаваў увагу на адзначаемых у бягучым годзе 100-гадовых юбілеях утварэння БССР і беларускай дыпламатычнай службы. Ён падкрэсліў, што найважнейшай гістарычнай датай года з'яўляецца 75-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Як заўважыў пасол, старт серыі мемарыяльных акцый года ў краіне быў дадзены мерапрыемствамі з нагоды Міжнароднага дня памяці ахвяр халакосту.
Намеснік мэра Хайфы Лазар Каплун заявіў аб намеры прадоўжыць узаемадзеянне з беларускім бокам па розных напрамках, уключаючы абмен дэлегацыямі, правядзенне двухбаковых сумесных мерапрыемстваў і магчымае ўстанаўленне пабрацімскіх сувязей з адным з гарадоў Беларусі.
Адзін з арганізатараў выставы і кіраўнікоў фотаклуба "Цафон" Барыс Беленькі адзначыў усё больш моцныя дружалюбныя сувязі Беларусі і Ізраіля ў розных сферах, уключаючы культурна-гуманітарныя, якія ўяўляюць сабой вялікую каштоўнасць, збліжаюць краіны і народы.
Плануецца, што экспазіцыя "Мы з Беларусі" ў 2019 годзе будзе паказана ў Мінску і Віцебску, а ў маі ў Хайфе публіцы прадставяць фотаработы віцебскіх аўтараў. Акрамя таго, у Хайфе плануюць арганізаваць выставу работ, прысвечаных тым месцам, адкуль родам аўтары і іх продкі, якія цяпер жывуць у Ізраілі.
Выстава "Мы з Беларусі" будзе адкрыта ў Хайфе да канца лютага, пасля чаго ў горадзе адбудзецца вернісаж работ "Свет вачыма жанчын", прымеркаваны да 8 сакавіка. У ім традыцыйна прымаюць актыўны ўдзел і прадстаўніцы Беларусі.-0-