Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
28 студзеня 2021, 09:44

Фотавыстава "Насустрач Перамозе" ў памяць пра блакаду Ленінграда адкрылася ў музеі гісторыі ВАВ

28 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Фотавыстава "Насустрач Перамозе" адкрылася 27 студзеня ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Удзел ва ўрачыстым мерапрыемстве прыняла старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Дзень зняцця блакады для нас назаўсёды застанецца ў памяці сімвалам мужнасці і гераізму савецкага народа. 872 страшныя дні застануцца назаўсёды ў нашых сэрцах. Беларусы як ніхто разумеюць боль той страты, таму што наша краіна першая прыняла на сябе ўдар фашысцкіх захопнікаў, на барацьбу ўзняліся ўсе ад малога да вялікага. У той вайне мы страцілі кожнага трэцяга. І абсалютна правільна сказаў Прэзідэнт, што Беларусь з'яўляецца жывым помнікам той вайны. Для нас памяць і праўда пра тую вайну - свяшчэнныя. Мы робім усё для таго, каб перадаць гэту памяць і праўду новым пакаленням. Мы добра разумеем, што без мінулага няма будучыні", - сказала Наталля Качанава.

Паводле яе слоў, такія мерапрыемствы павінны праводзіцца як мага часцей. "Асаблівыя словы падзякі хочацца сказаць усім тым, хто прайшоў цяжкія выпрабаванні ў гады вайны. Але і ў нашага пакалення памяць пра вайну застаецца ў сэрцах. Мы гэтай памяці не здрадзім ніколі. Няхай увесь свет ведае, што для народаў Беларусі і Расіі гісторыя Вялікай Айчыннай вайны - гэта сімвал яднання і гонару, гонару за нашых людзей, - адзначыла спікер. - Дарагія ветэраны, блакаднікі, дзеці вайны, нізкі паклон вам за ваш гераічны подзвіг. Ваша жыццё з'яўляецца для нас апорай у тым, каб вытрымаць усе выпрабаванні, якія выпадаюць на нашу долю. Мы не можам здрадзіць памяці нашага старэйшага пакалення і ніколі гэтага не зробім. Я нізка кланяюся вам і ўсім тым, хто выжыў, хто выстаяў, хто сёння разам з намі і тымі, хто загінуў. Паверце, мы ніколі не здрадзім гэтай памяці".

Фотавыстава "Насустрач Перамозе" перададзена музею міжнародным фондам сацыяльна-культурнага развіцця "Пецярбургскі фоталетапіс". Паводле слоў Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Расіі ў Беларусі Дзмітрыя Мезенцава, больш за 100 планшэтных фатаграфій зроблена ваеннымі карэспандэнтамі, удзельнікамі тых трагічных падзей. "Па сутнасці, гэта летапісны фонд Вялікай Айчыннай, які дасць мгчымасць усім, хто прыедзе ў музей, яшчэ раз адчуць біццё рытму таго часу, напружанне сіл. Скажэнне гістарычнай памяці і прыніжэнне подзвігу савецкага народа недапушчальна", - звярнуў ён увагу.

Як адзначыў міністр культуры Анатоль Маркевіч, гэты выставачны праект з'яўляецца важным фактарам у грамадзянска-патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення. "Калі знаходзішся ў гэтым святым для кожнага з нас месцы, адчуваеш асаблівыя пачуцці: гонар і боль страты, бо 77 гадоў таму была знята блакада Ленінграда, якая доўжылася страшэнныя, пякельныя 872 дні. Яна забрала сотні тысяч чалавечых жыццяў. Сёння мы жывём у цудоўнай краіне, гадуем сваіх дзяцей, будуем планы і ўпэўнена глядзім у будучыню. Аднак мы ніколі не павінны забываць пра страшныя ўрокі ваеннага ліхалецця, каб ніколі такое не адбылося на нашай зямлі. Я хачу пажадаць усім мірнага неба, моцнага здароўя, дабрабыту і невычэрпнай жыццёвай энергіі. Дзякуй, паважаныя ветэраны, за ваш ратны подзвіг", - падкрэсліў ён.

Галоўны рэдактар ​​выдавецкага дома "Звязда" Аляксандр Карлюкевіч расказаў, што ў дадатак да выставы, якая прыехала з Расіі, на пляцоўцы Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі ВАВ прадстаўлена і кніжная выстава. Тут можна ўбачыць выданні, выпушчаныя беларускімі аўтарамі, публіцыстамі, а таксама кнігі, падрыхтаваныя пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі.

Акрамя таго, 27 студзеня гісторык, калекцыянер, лаўрэат прэміі Прэзідэнта "За духоўнае адраджэнне" Уладзімір Ліхадзедаў перадаў у дар расійскаму боку сапраўдныя паштоўкі і пісьмы жыхароў блакаднага Ленінграда сваім родным і сябрам. Ён таксама з'яўляецца аўтарам і складальнікам кнігі "Блакада", якая выпушчана на беларускай, рускай і англійскай мовах.

Гасцямі мерапрыемства таксама сталі Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Веніямін, пастаянны прадстаўнік Расійскай Федэрацыі пры статутных і іншых органах Садружнасці Андрэй Грозаў, блакаднікі Ленінграда, ветэраны і ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі