Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
26 красавіка 2021, 18:33

Фотавыстава да 35-й гадавіны аварыі на ЧАЭС адкрылася ў Магілёве

26 красавіка, Магілёў /Кар. БЕЛТА/. Фотавыстава, прысвечаная 35-й гадавіне аварыі на ЧАЭС, адкрылася ў холе магілёўскага кінатэатра "Чырвоная зорка", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Да гадавіны магілёўскі "Кінавідэапракат" прымеркаваў тэматычную выставу. Паводле слоў дырэктара прадпрыемства Сяргея Бажкова, фатаграфіі для экспазіцыі прадаставіла УУС Магілёўскага аблвыканкама, супрацоўнікі якога ўдзельнічалі ў ліквідацыі наступстваў катастрофы. Для гасцей кінатэатра арганізавалі сустрэчу з ліквідатарам і паказ фільма "Чарнобыль".

Сяргей Іваноў цяпер дырэктар Абласнога цэнтра творчасці ў Магілёве, а ў 1986 годзе ён быў у складзе зводнага атрада МУС, ахоўваў грамадскі парадак у 30-кіламетровай зоне адчужэння. "21-гадовы хлопец, я тады служыў ва УУС Віцебскага аблвыканкама, быў камсоргам і ў забруджаную зону адправіўся дабравольцам. Не мог інакш. Акрамя віцябчан туды прыбыў зводны атрад Магілёўскай спецыяльнай сярэдняй школы транспартнай міліцыі МУС СССР (цяпер гэта Магілёўскі інстытут МУС. - Заўвага БЕЛТА) і супрацоўнікі УУС Гродзенскага аблвыканкама. Першыя ўражанні ад убачанага: неверагодная туга. Ні людзей, ні нейкага руху - усё вакол вымерла. Мясцовым, хто пакінуў родныя дамы яшчэ да нашага з'яўлення, дазволілі ўзяць з сабой толькі грошы і дакументы. А рэчы, бытавая тэхніка, нават транспарт - засталіся. У адным з двароў, памятаю, чакалі гаспадара "Жыгулі". Малады, я падумаў тады: колькі ж яны на гэта аўто збіралі", - падзяліўся ўспамінамі Сяргей Іваноў.

Паводле слоў ліквідатара, мясцовыя жыхары з адселеных вёсак часам вярталіся на забруджаную тэрыторыю: людзі не ўсведамлялі ўсёй небяспекі. "Добра помню вясковую жанчыну, якая прабралася ў родную вёску Крукі недалёка ад сумна вядомай украінскай Прыпяці. Жанчына са слязамі ўпрошвала дазволіць ёй зняць са сцяны роднага дома фатаграфіі блізкіх людзей", - расказаў Сяргей Іваноў.

На архіўных здымках, якія размясціліся ў кінатэатры, апусцелыя вёскі, пакінутыя хаты і ліквідатары наступстваў тэхнагеннай катастрофы.

"У нашай краіне робіцца ўсё, каб мінімізаваць наступствы той аварыі. Дзякуючы дзяржпраграме па развіцці паўднёва-ўсходніх рэгіёнаў Магілёўшчыны вяртаюцца да жыцця пацярпелыя раёны. У Слаўгарадскім, Касцюковіцкім, Чэрыкаўскім, Краснапольскім раёнах узводзіцца жыллё, уводзяцца ў сельгасабарот землі, адкрываюцца вытворчасці, з'яўляюцца новыя працоўныя месцы, і ўсе жыхары ўдзячны за такую ўвагу і дапамогу", - адзначыў Сяргей Іваноў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі