Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
18 кастрычніка 2019, 10:03

Фотавобразы 1000-гадовага Брэста прадставілі ў галоўнай выставачнай зале горада

18 кастрычніка, Брэст /Святлана Вячорка - БЕЛТА/. У выставачнай зале Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра адбылося адкрыццё фотабіенале "Брэст. 1000 гадоў. Фотавобраз", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Гэта другая абласная фотавыстава. Першая, пад назвай "Беларусь на далоні", адбылася два гады таму. У цяперашняй экспазіцыі, прысвечанай тысячагоддзю Брэста, прадстаўлена звыш 70 работ 17 фотамастакоў. Сярод іх як прафесійныя фатографы, так і навічкі. Імёны многіх добра і даўно знаёмы гледачам, некаторыя выстаўляліся ўпершыню. Самаму маладому ўдзельніку - Арцёму Ермачэнку - 13 гадоў. Арганізатары адабралі яго фотаздымак археалагічнага музея "Бярэсце", зроблены пры дапамозе мабільнага тэлефона.

Магчымасць прыняць удзел у праекце была прадастаўлена ўсім аматарам гэтага віду мастацтва з адным толькі патрабаваннем: работы павінны адпавядаць высокаму мастацкаму ўзроўню. Каляровыя і чорна-белыя фатаграфіі выкананы ў розных жанрах і тэхніках. Тут можна ўбачыць гарадскі пейзаж, вулічныя партрэты гараджан, святочны Брэст, адрэтушаваныя гістарычныя фота, якія даюць магчымасць ацаніць эвалюцыю горада. Асабліва ўражваюць здымкі, зробленыя з вышыні птушынага палёту.

"Калі экспазіцыя пачала складвацца, высветлілася, што без людзей горада няма, таму мы пастараліся максімальна напоўніць яго брастаўчанамі. Аказалася, што яны ўмеюць весяліцца, могуць быць акцёрамі і, наогул, ствараюць вобраз горада", - растлумачыла канцэпцыю выставы яе куратар Таццяна Мухароўская.

З вернісажам удзельнікаў выставы павіншавала дырэктар АГКЦ Святлана Каржук: "Аўтары гэтых фотаздымкаў не толькі вельмі творчыя асобы, але і сапраўдныя філосафы, бо жыццё складваецца з імгненняў, а яны фіксуюць іх у сваіх работах".

Паўнацэннымі мастацкімі творамі назваў прадстаўленыя здымкі старшыня Брэсцкага аддзялення Беларускага саюза мастакоў Павел Рабаў. "Цікава паглядзець на работы і сталых, і маладых фотамастакоў - хто ў якім напрамку развіваецца. Вельмі хочацца, каб фотабіенале ўвайшло ў традыцыю гэтак жа, як у свой час выстава маладых мастакоў "Усе разам", - сказаў ён.

Выстава "Брэст. 1000 гадоў. Фотавобраз" будзе працаваць да 30 кастрычніка.-0-

Фота арганізатараў выставы

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі