
13 снежня, Магілёў /Кар. БЕЛТА/. Прэм'ерны паказ фільма "Чорны замак" адбыўся ў кінатэатры "Радзіма" ў Магілёве.
Фільм зняты Нацыянальнай кінастудыяй "Беларусьфільм" і расійскай кампаніяй "Нью Арт Сінема Прадакшн" паводле матываў рамана Уладзіміра Караткевіча "Чорны замак Альшанскі". Аўтарам сцэнарыя стаў Глеб Шпрыгаў, рэжысёр - Кірыл Кузін, рэжысёр трукавых сцэн і пастаноўшчык трукаў Вольга Александровіч.

Галоўны герой малады прафесар Антон Косміч (акцёр Яўген Шварц) аказваецца ў бядзе пасля таго, як старадаўняе Евангелле, якое належала роду Альшанскіх, трапляе ў яго антыкварны магазін. Для таго каб выратаваць сябе і разгадаць таямніцы мінулага, ён адпраўляецца ў Альшаны.



Перад пачаткам прагляду Вольга Александровіч правяла аўтограф-сесію. Таксама, у фае кінатэатра гасцей чакала экспазіцыя, дзе можна было азнаёміцца з творамі класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча і ўбачыць фота акцёраў фільма ў вобразах іх герояў.-0-



