Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
11 сакавіка 2021, 16:51

Фінал нацадбору на конкурсы "Славянскага базару" пройдзе ў Барысаве 20 сакавіка

11 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства культуры пры ўдзеле Цэнтра культуры "Віцебск" і Маладзёжнага тэатра эстрады завяршаюць нацыянальны адборачны тур да конкурсаў ХХХ Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", паведамілі БЕЛТА арганізатары.

20 сакавіка ў Палацы культуры імя Максіма Горкага ў Барысаве адбудзецца фінал адбору. "Стала ўжо прыемнай традыцыяй, што падзея мяняе лакацыю з году ў год і праходзіць у фармаце гала-канцэрта. Змагацца за права прадставіць Беларусь на знакамітым форуме будуць два дзясяткі фіналістаў, якія прайшлі папярэднія адборы на дзіцячы і дарослы вакальныя конкурсы", - адзначылі арганізатары.

Выступленні ўдзельнікаў заключнага этапу нацыянальнага адбору да XIX Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу "Віцебск-2021" і ХХХ Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2021" пачнуцца ў 11.30 і 16.30 адпаведна. Усе канкурсанты выканаюць па два вакальныя творы. Пачнецца нацыянальны адбор з жараб'ёўкі, якая пройдзе напярэдадні, 19 сакавіка.

Узначаліць судзейскую калегію дзіцячага конкурсу салістка Вялікага тэатра Беларусі, народная артыстка Беларусі Настасся Масквіна. Старшынёй дарослага конкурсу стане рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, старшыня савета спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі Кацярына Дулава.

На сцэну выйдуць запрошаныя госці: Настасся Масквіна, Ірына Дарафеева, Ангеліна Ламака, Дзмітрый Качароўскі, ансамбль "Верасы", узорны ансамбль танца "Дарунак", узорная цыркавая студыя "Летуценнікі". У другім аддзяленні выступяць Алёна Ланская, Вікторыя Алешка, Жанет, Аляксандр Саладуха, сёстры Груздзевы і іншыя.

Бонусам для гледачоў стане трансляцыя з месца падзей у Instagram-акаўнце @festivalvitebsk і на тэлеканале "Беларусь 3". У прамым эфіры гледачы першымі змогуць даведацца імёны пераможцаў дзіцячага і дарослага адборачных конкурсаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі