Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
23 лістапада 2021, 16:09

Фільм "Новенькі" расійскага рэжысёра Аляксандра Куляміна заваяваў чатыры ўзнагароды на "Лістападзіке"

23 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Фільм "Новенькі" расійскага рэжысёра Аляксандра Куляміна стаў уладальнікам чатырох узнагарод з сямі на кінаконкурсе "Лістападзік", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Расійская карціна стала ўладальнікам прыза глядацкіх сімпатый, а таксама пераможцам конкурсу фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі "Лістападзік" па рашэнні савета юных кінакрытыкаў.

Актрыса Вераніка Усцімава атрымала прыз за лепшую дзіцячую ролю. Узнагарода за лепшую работу дарослага акцёра ў дзіцячым фільме дасталася акцёру Архіпу Лебедзеву.

Паводле сюжэта, у 11-ы клас прыходзіць новы вучань, хлопец з анкалагічным захворваннем. Пра дыягназ ведаюць толькі члены сям'і і дырэктар школы. Малады чалавек прыходзіць у новы клас, у новае грамадства, дзе ўстаноўлены свае законы. "Мы знайшлі гісторыю, якая кранула сэрцы, і зразумелі, што гэту карціну неабходна стварыць чаго б гэта ні каштавала. Сітуацыя, пра якую мы расказваем у кіно, архетыпічна", - адзначыў Аляксандр Кулямін.

Паводле слоў прадзюсара Юрыя Кузняцова-Таёжнага, у карціне ёсць самае галоўнае, без чаго нельга здымаць кіно, - спачуванне і спагада. "Мы стваралі гэту работу сумленна, здымачная група працавала на знос. Вельмі рады, што фільм адбыўся, што ён прыносіць вялікае задавальненне не толькі нам, але і публіцы. Людзі радуюцца, выходзяць з залы з тымі вачамі, якія я хацеў убачыць, калі ствараў кіно. Можна гаварыць усё, што заўгодна, але вочы не падманваюць, а гэта для нас вельмі важна, - адзначыў ён. - Удзел у "Лістападзіке" - дадатковая матывацыя. Мы рыхтуем яшчэ адну карціну дзіцяча-юнацкага зместу пад назвай "Звон надзеі". Спадзяюся, у наступным годзе прыедзем на "Лістапад" з новай карцінай. Мы любім ваш фестываль і ваш горад. Дзякуй вялікі за вашы сэрцы, усмешкі, за тое, што так добра нас прымаеце".

Паказ фільма "Новенькі" адбудзецца 25 лістапада на палях міжнароднага дабрачыннага кінафестывалю ў Маскве. "Вясной плануем выйсці ў кінапракат і хочам, каб у Расіі, Беларусі і яшчэ ў некаторых краінах рускамоўнага свету гэта карціна ўбачыла сваіх паклоннікаў, якія, як паказаў "Лістападзік", у яе ёсць", - дадаў прадзюсар.

Судзейскую калегію "Лістападзіка" ўзначаліла папулярная актрыса тэатра і кіно, заслужаная артыстка Украінскай ССР, заслужаная артыстка Расіі, віцэ-прэзідэнт і генеральны дырэктар адкрытага фестывалю кіно краін СНД і Балтыі "Кінашок" Ірына Шаўчук. Ацэньваў работы ўдзельнікаў таксама рэжысёр Аляксандр Ленкін і дырэктар кінастудыі "Грузія фільм" Хатуна Хундадзэ. У склад савета юных кінакрытыкаў увайшлі Гарардас Сенюцас, Вераніка Гапановіч, Арцём Зайцаў, Кацярына Ляцецкая, Арцём Лучанок і Паліна Шульга.

Усяго гледачам конкурсу фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі "Лістападзік" прадставілі 14 стужак з Ірана, Эстоніі, Кітая і Расіі.

XXVII Мінскі міжнародны кінафестываль "Лістапад" праходзіць з 20 па 26 лістапада. Заснавальнікі - Міністэрства культуры і Мінгарвыканкам, арганізатар - Нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм". Усяго дырэкцыя фестывалю атрымала 273 заяўкі з 54 краін. Сярод іх як даўнія сябры і кінапартнёры Беларусі (Расія, Украіна, Азербайджан, Грузія, Сербія), так і краіны Заходняй і Цэнтральнай Еўропы, Лацінскай Амерыкі і Паўднёва-Усходняй Азіі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі