Сцяг Аўторак, 17 чэрвеня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Культура
27 лютага 2025, 18:15

Фільм для дзяцей аб дзяржсімвалах і святах Беларусі прадставілі ў кінатэатры "Піянер"

27 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэм'ерны паказ анімацыйнага фільма "Дзяржаўныя сімвалы Рэспублікі Беларусь. Каляндар свят" прайшоў у кінатэатры "Піянер", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Рэжысёр Алена Турава расказала, што над фільмам працаваў калектыў анімацыйнай студыі "Беларусьфільма". Як масцітыя рэжысёры і мастакі, так і дэбютанты. Кінастужка складаецца з некалькіх сюжэтаў, кожны з якіх прысвечаны якому-небудзь дзяржаўнаму святу Беларусі, а адзін з сюжэтаў - нашай дзяржаўнай сімволіцы.
"Фільм разлічаны на самае малодшае пакаленне. Ён дае базавыя веды для выхавання маленькага патрыёта, тлумачыць значэнне важных дзяржаўных свят нашай краіны. Напэўна, маленькаму чалавеку яшчэ цяжкавата зразумець значэнне такіх свят, як, напрыклад, Дзень Канстытуцыі або Дзень народнага адзінства. Нават дарослы не заўсёды можа дакладна растлумачыць, што канкрэтна мы святкуем. Таму мы спрабуем пагаварыць з дзецьмі на зразумелай мове. У гульнявой форме на прыкладзе шматдзетнай беларускай сям'і даём ім базавыя паняцці. Расказваем пра нашу гісторыю. Тлумачым, як сябе паводзіць, напрыклад, калі гучыць Дзяржаўны гімн", - адзначыла Алена Турава.

На яе думку, такія фільмы дапамагаюць выхоўваць малодшыя пакаленні і прывіваць ім любоў да Радзімы.

"Паколькі фільм складаецца з некалькіх сюжэтаў, вы можаце глядзець усе іх цалкам, так і кожны асобна. Напрыклад, перад нейкай знаёмай падзеяй. Так, напэўна, будзе прасцей тлумачыць у дзіцячым садзе, малодшых школьных класах, чаму мы святкуем 9 Мая, што азначае Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі і чаму для нас і для нашай краіны гэта вельмі важна", - падкрэсліла Алена Турава.

Начальнік аддзела па кінематаграфіі Міністэрства культуры Ірына Дрыга дадала, што спачатку фільм пакажуць у кінатэатрах цалкам. Пазней яго плануюць падзяліць на фрагменты, якія будуць паказваць перад сеансамі кіно напярэдадні розных свят. Навелы таксама могуць прадставіць у дзіцячых тэлевізійных праграмах і інтэрнэце.

"Да фільма можна звяртацца кожны год. Спадзяюся, кінастужку чакае доўгае і паспяховае пракатнае жыццё", - заўважыла Ірына Дрыга.

Паводле яе слоў, фільм з'яўляецца часткай вялікай праграмы фільмаў, прысвечаных дзяржсімвалам. У мінулым годзе з поспехам адбылася прэм'ера фільма "Культурны код", які сабраў у пракаце больш за 200 працэнтаў ад свайго бюджэту.

"Цяпер наша студыя дакументальнага кіно "Летапіс" працуе над фільмам, прысвечаным Канстытуцыі, гербу і сцягу. Але гэта будзе не традыцыйная дакументалістыка, дзе проста з'яўляецца на экране эксперт і нешта расказвае па важнай тэме, а глядач слухае. Гэта будуць фільмы з элементамі новых тэхналогій, інтэрактыўнасці і акцёрскай ігры", - сказала на заканчэнне Ірына Дрыга.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі