Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
18 лютага 2022, 13:39

Фільм аб жыцці і творчасці Міхаіла Фінберга пакажуць 26 лютага

18 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дакументалісты тэлеканала "Беларусь 3" да 75-годдзя прафесара, народнага артыста Беларусі Міхаіла Фінберга прадставяць фільм "Імправізацыя", паведамілі БЕЛТА ў Белтэлерадыёкампаніі.

Як адзначылі прадстаўнікі Белтэлерадыёкампаніі, аўтары новага дакументальнага фільма "Імправізацыя" разам з блізкімі сябрамі і калегамі, аднакурснікамі і вучнямі Міхаіла Фінберга ўспомняць ключавыя этапы жыцця мэтра беларускай музыкі, пагартаюць старонкі школьнага журнала 1954 года і прагуляюцца па вуліцы, дзе знаходзіўся бацькоўскі дом артыста. У тэлевізійных архівах адшукаюць унікальныя запісы часоў работы ў цыркавым аркестры, згадаюць першыя тэлепраграмы, фестывалі і гастролі заслужанага калектыву Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі, у якім маэстра жыў, тварыў і ўражваў амаль паўжыцця. Даведаюцца, якую ролю ў творчасці Міхаіла Якаўлевіча адыгралі джазмэны Эдзі Рознер і Барыс Райскі і як у 1971 мінскі канцэрт Дзюка Элінгтана паўплываў на маладога дырыжора і яго сцэнічны вобраз.

"Мазыр, 1947 год. У беднай яўрэйскай сям'і рабочага і прачкі нараджаецца пятае, позняе дзіця Міша. Разруха пасляваеннага часу. Пара Фінбергаў ледзь зводзіць канцы з канцамі, але маленькі Міша ўсё роўна займаецца музыкай. Вечарамі напралёт прама на вуліцы ён іграе то на скрыпцы, то на альце, то на баяне, то на трамбоне. Хлопчык яшчэ не ведае, што з гэтых імправізацый пачынаецца яго зорны шлях", - падзяліліся сюжэтам фільма аўтары.

"У Мінску, Мазыры, Віцебску і Маладзечне каманда тэлеканала сабрала мноства дзівосных, а галоўнае жывых успамінаў: 17 інтэрв'ю, 700 мінут - іх хапіла б на паўнацэнны цыкл фільмаў. Настолькі вялікая і самабытная фігура прафесара, - расказвае сцэнарыст фільма Надзея Габец. - Пашчасцілася сустрэцца з гісторыкам музыкі Вольгай Дадзіёмавай, якая вывучала еўрапейскія архівы і па невялікіх фрагментах нотных запісаў аднаўляла спадчыну беларускіх кампазітараў мінулага. Дзякуючы яе напрацоўкам сёння мы слухаем класікаў у выкананні музыкантаў аркестра Міхаіла Фінберга. Рэжысёр Павел Быкаў у 1970-я гады працаваў у мінскім цырку. Ён падзяліўся чуллівымі і нават смешнымі закуліснымі гісторыямі. Напрыклад, з якімі намаганнямі Міхаіл Якаўлевіч, учарашні выпускнік кансерваторыі, у свае 23 змог знайсці кантакт з няпростымі музыкантамі цыркавога аркестра ўдвая старэйшымі за яго. Як маэстра працаваў са знакамітымі клоўнамі Нікуліным, Паповым і Карандашом".

Прэм'ерны паказ фільма "Імправізацыя" на тэлеканале "Беларусь 3" пройдзе 26 лютага ў 21.05. Адразу пасля яго гледачоў чакае тэлеверсія канцэрта-прысвячэння Міхаілу Фінбергу "Асоба і аркестр" да 75-годдзя дырыжора і 35-годдзя Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра.

У дзень нараджэння Міхаіла Якаўлевіча, 21 лютага, у 18.30 тэлеканал пакажа адно з апошніх вялікіх інтэрв'ю прафесара ў праекце "Майстры і куміры", а пасля - канцэртную праграму "Прысвячэнне маэстра" з фестывалю "Мінскі джаз".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі