Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
08 верасня 2021, 15:57

Філатэлістычную выставу да юбілею мемарыяла прэзентавалі ў Брэсцкай крэпасці

8 верасня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. У Музеі абароны Брэсцкай крэпасці сёння прэзентавалі выставачны праект "Брэсцкая крэпасць. Ад гераічнай абароны да мемарыяла памяці", прысвечаны 80-годдзю абароны цытадэлі над Бугам і 50-годдзю мемарыяльнага комплексу, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Выставачны праект падрыхтаваны брэсцкім аддзяленнем Беларускага саюза філатэлістаў пры падтрымцы філіяла РУП "Белпошта". Экспазіцыя разгарнулася ў адной з залаў на першым паверсе Музея абароны. Брэсцкія філатэлісты прэзентавалі пяць калекцый, прысвечаных гісторыі горада, абароне крэпасці, ваеннай тэматыцы. Прадстаўлены маркі, паштоўкі, канверты, тэлеграмы, паштовыя карткі, а таксама іншыя прадметы, якія даюць магчымасць глыбей раскрыць тэму.

У новым фармаце філатэліі "адкрыты клас" выканана калекцыя Аляксандра Нікалаева "Гартаючы слаўныя старонкі гісторыі Брэста". Аўтар акрамя паштовых дакументаў выкарыстоўвае нашыўкі, шаўроны, медалі, фатаграфіі. Экспазіцыя падрыхтавана да 1000-годдзя Брэста і адлюстроўвае асноўныя этапы ў развіцці горада.

У такім жа фармаце прадстаўлены экспанат Ганны Баюры "Брэсцкая крэпасць на паштовых канвертах, памятных медалях, значках і іншых прадметах калекцыянавання". Калектыўны экспанат са старадаўніх паштовых картак і фатаграфій паказвае, якім быў Брэст 100-120 гадоў таму. Калекцыя старшыні аддзялення БСФ Леаніда Турына "Іх імёнамі названы вуліцы Брэстчыны" дапоўнена стэндам з некалькіх дзясяткаў тэлеграм, датаваных 1941-1945 гадамі. Апошняя адпраўлена 16 мая 1945 года з віншаваннем з Днём Перамогі.

"Прадстаўлены філатэлістамі багаты матэрыял, звязаны з Вялікай Айчыннай вайной, сведчыць аб тым, што памяць нашага народа глыбокая і трывалая. Нездарма за гады існавання мемарыяльнага комплексу і Музея абароны наш аб'ект наведалі больш за 25 млн чалавек. Дзяржава падтрымлівае такія мемарыялы, каб памяць пра народны подзвіг захоўвалася праз стагоддзі", - адзначыў дырэктар мемарыяльнага комплексу "Брэсцкая крэпасць-герой" Рыгор Бысюк. Ён падзякаваў аўтарам праекта за карпатлівую, удумлівую працу па стварэнні выставы і выказаў упэўненасць, што наведвальнікі знойдуць на стэндах філатэлістаў шмат новай і цікавай інфармацыі.

Філатэлістычная выстава ў Музеі абароны будзе працаваць да 27 верасня.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі