Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
17 лістапада 2022, 16:30

Філатэлісты з сямі краін прадставілі свае калекцыі на выстаўцы ў Брэсце

17 лістапада, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Філатэлісты з сямі краін прадставілі свае калекцыі на міжнароднай выстаўцы "Брэст-2022". Яна прысвечана 80-годдзю Брэсцкай крэпасці і паўвекавому юбілею Паста Памяці, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА старшыня Брэсцкага аддзялення Беларускага саюза філатэлістаў Леанід Турын.

Выстава разгарнулася ў выставачнай зале абласнога грамадска-культурнага цэнтра (вул. Савецкая, 54). На ёй прадстаўлены 65 работ. Гэтыя калекцыі прыналежаць юным і ўжо вопытным філатэлістам з Беларусі, Польшчы, Расіі, Арменіі, Малдовы, Ізраіля і ЗША.

"У нас пяць членаў журы. Тры з іх - з Беларусі, два - з Расіі. Яны даволі высока ацанілі работы. Дзве ўдастоены Гран-пры: брастаўчаніна Віктара Копыця і масквіча Ігара Рыся. Многія ўдзельнікі атрымалі пазалочаныя і залатыя медалі. Некаму ўручылі асабіста. Тым, хто не змог прыехаць, па пошце вышлем узнагароды і каталогі выставы", - расказаў Леанід Турын.

Большасць экспанатаў на выставе прысвечаны ваеннай і гістарычнай тэматыцы. Напрыклад, філатэліст з Масквы прывёз у Брэст арыгінальную калекцыю "Вайна 1941-1945 гадоў вачамі дзяцей". Яму ўдалося сабраць каля 100 пісем дзяцей з Савецкага Саюза, Вялікабрытаніі, ЗША. Гэтыя пасланні дзеці адпраўлялі сваім татам і дзядам на фронт. У пісьмах дзеці няўпэўненым пачыркам віншавалі родных са святамі, пакідалі малюнкі. "Моладзі і дзецям мы дазволілі паказаць тое, што яны збіраюць. Напрыклад, у іх калекцыі аб прыродзе Беларусі, спорце, космасе", - растлумачыў субяседнік.

Дарэчы, самым юным аўтарам філатэлістычнай выставы 13-14 гадоў. Самаму вопытнаму калекцыянеру споўнілася 84 гады. Азнаёміцца з экспанатамі брастаўчане і госці горада над Бугам могуць да 20 лістапада ўключна.

Арганізатарамі выставы выступаюць Беларускі саюз філатэлістаў, Брэсцкі гарвыканкам, РУП "Белпошта", мемарыяльны комплекс "Брэсцкая крэпасць-герой", абласныя грамадска-культурны цэнтр і камітэт ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, працы і ўзброеных сіл.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі