Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
31 сакавіка 2021, 15:48

Фестываль SculptFest аб'яднаў розныя арт-пляцоўкі Мінска і скульптараў з усёй Беларусі

31 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Фестываль скульптуры SculptFest адкрываецца сёння ў Вялікай зале Рэспубліканскай мастацкай галерэі "Палац мастацтва", сярод удзельнікаў - скульптары з розных рэгіёнаў Беларусі. Аб гэтым сёння журналістам расказала першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў мастацтвазнавец Наталля Шаранговіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

SculptFest - маштабны выставачны марафон, які аб'ядноўвае на розных арт-пляцоўках большасць дзеючых мастакоў-скульптараў краіны. "Любая персанальная выстава цікавая і добрая, але ў фармаце фестывалю ёсць магчымасць не проста зрабіць рэтраспекцыю, а паказаць пэўны напрамак мастацтва ва ўсёй яго разнастайнасці. Мастакі прадставяць і персанальныя выставы, і групавыя праекты. Мне здаецца, гэта вельмі значная, яркая, цікавая і запамінальная падзея. Нягледзячы на тое, што мінулы год быў складаны і ў гэтым прадаўжаюцца тыя ж цяжкасці, хацелася б каб мастацтва жыло, дыхала, паказвала сябе. Мастацтва павінна быць, і тварыць яго можна ў любы час", - адзначыла Наталля Шаранговіч.

Праект падрыхтаваны секцыяй скульптуры Беларускага саюза мастакоў, яго мэта - прадставіць шырокай публіцы мастакоў і іх творы, выкананыя ў розных жанрах і матэрыялах, азнаёміць з новымі тэндэнцыямі ў сучаснай беларускай скульптуры.

"Хочацца, каб людзі змаглі ўбачыць, што ў нас ёсць фармальная і традыцыйная скульптура, шмат майстроў працуюць у гістарычнай, анімалістычнай тэматыках. І нас у гэтым падтрымалі з вялікім жаданнем нашы партнёры, з якімі мы даўно супрацоўнічаем, у першую чаргу Музей гісторыі горада Мінска. Акрамя таго, мы задзейнічалі ўсе нашы галерэі, якія ёсць у Саюза мастакоў, далучыўся да нас Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў, дзе будзе праходзіць персанальная выстава, у Акадэміі мастацтваў будуць прадстаўлены работы маладых мастакоў, асобны праект можна будзе ўбачыць у Музеі-майстэрні Заіра Азгура", - прадоўжыла мастацтвазнавец.

"Скульптура не можа заставацца на падлозе - яе трэба выстаўляць на добрых подыумах. І тут мы сутыкнуліся з тым, што скульптараў шмат і паказаць трэба ўсіх. Мы вельмі рады таму, што адгукнуліся не толькі мінскія мастакі, але і з нашых абласных гарадоў. Гэта сведчыць аб тым, што калі ёсць жаданне і магчымасці, то ў выніку атрымліваецца такая цікавая падзея", - дадала Наталля Шаранговіч.

Акрамя цэнтральнага мерапрыемства фестывалю - традыцыйнай групавой выставы ў Вялікай зале Палаца мастацтва, будзе прадстаўлена асобная экспазіцыя, прысвечаная гісторыі нашай краіны, яе выдатным дзеячам, у Нацыянальным гістарычным музеі. Асаблівасцю форуму стане выстава анімалістычнай скульптуры, гэты напрамак не страчвае папулярнасці сярод беларускіх майстроў і нязменна выклікае вялікую цікавасць у гледача. Упершыню за доўгі час аматары жанру ўбачаць значную калекцыю, сабраную ў прасторы арт-гасцёўні "Высокае мѣста". Асобная экспазіцыя ў галерэі "Акадэмія" азнаёміць з творчасцю маладых скульптараў, для многіх з якіх удзел у выставе стане яркім дэбютам.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі