Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
28 лютага 2020, 11:44

Фестываль "Саламяны павук" правядуць у Быхаўскім раёне

28 лютага, Магілёў /Кар. БЕЛТА/. Фестываль дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва "Саламяны павук" пройдзе ў Цэнтры культуры, народнай творчасці і рамёстваў Быхава 28 лютага. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА расказала дырэктар раённай Дзіцячай школы мастацкіх рамёстваў і мастацтваў, народны майстар Беларусі Ірына Кухціна.

У мерапрыемстве прымуць удзел майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, гурткі, студыі, аматарскія аб'яднанні, клубныя і навучальныя ўстановы. Праграма ўключыла выстаўку-конкурс саламяных павукоў "У кожную хату сваё сонейка", майстар-класы па саломапляценні, анлайн-конкурс "Павучок", конкурс гульнявых праграм "Карагод народных забаў", аснову якога складзе прэзентацыя традыцыйных народных гульняў і забаў на Масленіцу.

На выстаўцы-конкурсе саламяных павукоў будзе прадстаўлена каля 30 падвесных канструкцый, вырабленых навучэнцамі і педагогамі раённых устаноў адукацыі, а таксама работнікамі культуры. Дарэчы, самаму маленькаму ўдзельніку 9 гадоў. Работы будуць ацэньвацца ў трох намінацыях: "Пірамідальны павук", "Ромбападобны павук" і "Авангардны павук". Пераможцаў вызначаць у дзвюх катэгорыях - дзіцячай і дарослай. Па выніках конкурсу лепшыя работы будуць перададзены ў фонд Быхаўскага гісторыка-краязнаўчага музея.

"На працягу многіх дзесяцігоддзяў саламяныя павукі былі традыцыйным і неад'емным упрыгажэннем сялянскага жылля, - растлумачыла Ірына Кухціна. - Дэкаратыўна-прасторавая канструкцыя, якая падвешвалася пад столлю, мела сімвалічнае значэнне: лічылася абярэгам, які ахоўвае дом, і адказвала за здароўе і дабрабыт сям'і. Цяпер саламяны павук стаў аб'ектам матэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны рэгіёна, а традыцыі яго вырабу ў Быхаўскім раёне ўнесены ў Дзяржаўны спіс аб'ектаў гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь".

"Саламяны павук з часам стаў сувенірным брэндам Быхава: выраб прысутнічае на ўсіх вялікіх мерапрыемствах, конкурсах, выстаўках і кірмашах, - адзначае Ірына Кухціна. - Цікавасць да гэтага віду народнай творчасці ўзрастае год ад году. Сучасны этап развіцця гэтага майстэрства ўзбагаціў традыцыйныя формы саламяных падвесак новымі канструкцыямі і дэкаратыўнымі знаходкамі. У стварэнні павукоў сёння цэняцца розныя мастацкія варыяцыі: ажурнасць і лёгкасць, прастата і дэкаратыўнасць формы, а таксама ўдалае спалучэнне ў саламяных канструкцыях асобных частак-модуляў".

Фестываль "Саламяны павук" арганізуецца адзін раз у два гады і праводзіцца ў апошнія дні масленічнага тыдня. Першы фестываль адбыўся ў 2018 годзе. Мерапрыемства накіравана на адраджэнне і папулярызацыю ў раёне традыцыйных тэхналогій вырабу саламяных павукоў, далучэнне шырокага кола людзей да мастацтва саломапляцення, удасканаленне прафесіяналізму майстроў і ўмельцаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці.

Дарэчы, у Быхаўскім раёне сабрана самая вялікая ў Магілёўскай вобласці калекцыя павукоў-абярэгаў, якая пастаянна папаўняецца новымі экспанатамі. Толькі ў Дзіцячай школе мастацкіх рамёстваў і мастацтваў Быхава налічваецца больш за 150 узораў гэтай дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Іх памер вар'іруецца ад 25 да 130 сантыметраў у вышыню. Саламяныя вырабы маюць розную форму і абрадавае прызначэнне.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі