Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
05 мая 2022, 16:57

Фестываль "Мінская вясна" стартуе ў Белдзяржфілармоніі

5 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. 37-ы фестываль музыкі "Мінская вясна - 2022" у Беларускай дзяржаўнай філармоніі стартуе 5 мая і прадоўжыцца па 31 мая. Якімі яшчэ канцэртамі і творчымі нумарамі здзівіць гледачоў фестываль, расказалі ў прэс-службе ўстановы.

"Пад эгідай свайго 85-годдзя філармонія прадэманструе мноства дасягненняў за ўвесь час сваёй дзейнасці і лепшыя творчыя сілы калектываў. У бягучым годзе ў нас шмат знакавых дат, таму на фестывалі ў музычным фармаце абыграюць і тэму пераемнасці пакаленняў, пройдуць шматлікія ўрачыстыя канцэрты да Дня Перамогі і творчыя вечары. Лепшыя артысты і музыканты філармоніі зачаруюць кожнага гледача сваімі навыкамі і не пакінуць нікога абыякавым", - пракаменціравалі ў прэс-службе.

Так, ансамбль салістаў "Класік-Авангард" правядзе серыю канцэртаў камернай музыкі "Вечар з віртуозамі" 13 мая ва ўтульнай Малой зале імя Р.Шырмы. Як адзначыла мастацкі кіраўнік ансамбля Людміла Каліноўская, "маладыя салісты пастараюцца наблізіцца да сапраўднай віртуознасці, што ўключае ў сябе і выдатнае валоданне інструментам, і глыбокае пранікненне ў мастацкую задуму музыкі".

Традыцыйны канцэрт цыкла "Шэдэўры сусветнага арганнага мастацтва" ўпрыгожвае фестывальную праграму "Мінскай вясны" не першы год. У праграме "Беларускі арганны фэст" аматараў гэтага музычнага інструмента 17 мая чакае выступленне вядомых выканаўцаў - прадстаўнікоў некалькіх пакаленняў айчыннай школы: народнага артыста Беларусі Ігара Алоўнікава, заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Ксеніі Пагарэлай, лаўрэата міжнародных конкурсаў Уладзіміра Неўдаха і іншых.

Канцэрт, прымеркаваны да 75-годдзя выдатнага беларускага педагога віяланчэлісткі Наталлі Шпянёвай, прадоўжыць тэму пераемнасці пакаленняў 20 мая. У гэты дзень сцэна Малой залы будзе прадастаўлена выпускнікам яе класа - таленавітым музыкантам, выканаўцам і педагогам, якія прадаўжаюць развіваць віяланчэльнае майстэрства ў Беларусі і займаюць вядучыя пазіцыі ва ўсіх музычных калектывах нашай краіны.

Акрамя таго, на свой творчы вечар 25 мая запрашае піяністка, заснавальнік і мастацкі кіраўнік праекта "Музычная гасцёўня" Таццяна Старчанка. Разам з ёю на сцэне Малой залы выступяць Яўген Віданаў (флейта), Віктар Пузыня (кларнет), Віктар Альшэўскі (кантрабас) і Ігар Аўдзееў (ударныя).

"37-ы фестываль музыкі "Мінская вясна" - сапраўднае свята высокага мастацтва, якое дорыць магчымасць сустрэчы з шэдэўрамі класікі як дасведчаным меламанам, так і слухачам, якія толькі ўпершыню адкрываюць для сябе свет акадэмічнай музыкі", - падзяліліся ў прэс-службе.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі