Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
05 чэрвеня 2019, 17:58

Фестываль "Маладзечна" падрыхтаваў конкурсы выканаўцаў, выставы і літаратурныя сустрэчы

5 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі "Маладзечна-2019" зноў збірае лепшых спевакоў, музыкантаў і паэтаў, заявіла журналістам дырэктар Палаца культуры Маладзечна Святлана Сарока, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Фестываль беларускай песні і паэзіі "Маладзечна" вельмі значны для краіны. Ён збірае таленавітых людзей, народных і заслужаных выканаўцаў, паэтаў, кампазітараў, дзяржаўныя і нацыянальныя творчыя калектывы, - сказала Святлана Сарока. - Кожны год мы робім усё магчымае, каб стварыць добры настрой і гледачам, і ўдзельнікам фестывалю".

Асабліва яркім павінна атрымацца ўрачыстае адкрыццё форуму 7 чэрвеня на сцэне Летняга амфітэатра. Салісты Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі Міхаіла Фінберга падрыхтавалі прэм'ерны канцэрт "Песні вайны", у час якога будуць узнагароджаны лаўрэаты Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні.

"У нашай краіне шмат таленавітай моладзі, якую я заўсёды стараюся падтрымліваць, таму што адчуваю адказнасць за іх, - падкрэсліў Міхаіл Фінберг. - Паколькі мала стаць лаўрэатам конкурсу, трэба далей развівацца і папулярызаваць сваю творчасць. Беларускіх артыстаў заўсёды вельмі добра прымаюць у іншых краінах. І я буду рабіць усё, каб беларускую музыку ведалі ва ўсім свеце".

На другі дзень аркестр прапануе канцэрт акадэмічнай музыкі ў Маладзечанскай школе мастацтваў. Прадоўжыць фестывальную праграму гала-канцэрт "Маладзічок" запальвае зоркі" лаўрэатаў VІІІ Адкрытага конкурсу юных выканаўцаў эстраднай песні "Маладзічок-2019" на сцэне Палаца культуры.

Фестываль аб'ядноўвае таксама прыхільнікаў паэтычнага мастацтва. "Мы вялікую ўвагу ўдзялілі ўсім паэтам, якія прыязджаюць на фестываль. Складзена асобная праграма з удзелам 24 вядомых паэтаў Беларусі, - сказала Святлана Сарока. - У гэтым годзе госці змогуць пабываць на праграме "Суразмоўцы" Навума Гальпяровіча, спадзяёмся, што будзе цікава пачуць разважанні пра ролю роднай мовы ў фарміраванні грамадскай свядомасці і развіцці сучаснай беларускай літаратуры".

Для літаратараў будзе працаваць паэтычная пляцоўка "Мой родны кут, як ты мне мілы", дзе аўтары змогуць прэзентаваць свае новыя творы і кнігі. Таксама пройдзе музычна-паэтычная гасцёўня "Пад небам Бацькаўшчыны роднай", прысвечаная Году малой радзімы.

Мінскі абласны краязнаўчы музей арганізуе выставу мастацкіх вырабаў са шкла "Гармонія шкла" Таццяны і Пятра Арцёмавых з Барысава. У малой зале Палаца культуры будзе працаваць праект "Асоба эпохі", гераіняй якога стане заслужаная артыстка Беларусі Надзея Мікуліч. А ў канцэртнай зале ДК Беларускі акадэмічны музычны тэатр прадставіць спектакль "Янка Купала: жыццё ў свеце маланак", у якім расказваецца пра гісторыю кахання класіка беларускай літаратуры і Паўліны Мядзёлкі.

"На працягу двух дзён будуць працаваць пляцоўкі з удзелам майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з усёй краіны. Упершыню арганізуем арт-фэст "Лянок", на які запрасілі прадзільныя прадпрыемствы, фабрыкі мастацкіх вырабаў. 8 чэрвеня адбудзецца дэманстрацыя адзення "Эка-стыль" з прэзентацыяй калекцый з лёну, - адзначыла дырэктар Палаца культуры. - Будуць працаваць іншыя пляцоўкі - і для дзяцей, і для моладзі "Арт-старт".

Яркім завяршэннем музычнага форуму ў Летнім амфітэатры стане юбілейная канцэртная праграма "Зорны карагод" Дзяржаўнага акадэмічнага ансамбля танца Беларусі з удзелам артыстаў эстрады.

Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі "Маладзечна-2019", прысвечаны Году малой радзімы і 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, пройдзе на галоўных канцэртных пляцоўках горада 7-8 чэрвеня. Арганізатары фестывалю - Міністэрства культуры, Мінаблвыканкам, Маладзечанскі райвыканкам, Палац культуры Маладзечна, Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі, Белтэлерадыёкампанія.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі