Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
29 снежня 2020, 11:39

Фестываль "Калядная радасць" праходзіць у анлайн-фармаце

29 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Фестываль "Калядная радасць" праходзіць у анлайн-фармаце, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА спецыяліст па рабоце са СМІ Свята-Лізавецінскага манастыра Вольга Камісарава.

На гэты раз фестываль пройдзе на працягу сямі дзён - з 28 па 30 снежня і з 2 па 5 студзеня. "Мы сустракаемся ў фармаце анлайн, каб разам ствараць, прыдумваць, дзяліцца дабром, слухаць, пазнаваць і рыхтавацца да цудоўнага свята Раства Хрыстовага, - расказала Вольга Камісарава. - Мы ў Свята-Лізавецінскім манастыры прадумалі, як зрабіць так, каб дні напярэдадні Раства сталі асаблівымі. Па традыцыі падрыхтавалі мерапрыемствы для ўсёй сям'і, каб было цікава на нашым анлайн-фестывалі і малым, і дарослым".

Наведвальнікаў анлайн-фестывалю чакаюць сустрэчы з цікавымі гасцямі, якія будуць чытаць святочныя расказы, свае творы і евангельскія тэксты. "Дзяцей чакаюць ценявы і лялечны спектаклі, а яшчэ мультфільм з пяску. Яны даведаюцца, як самім можна зрабіць калядны тэатр з кардоннай скрынкі. Мы падзелімся ідэямі калядных упрыгажэнняў і, вядома ж, зробім дамашні вяртэп", - адзначыла спецыяліст па рабоце са СМІ.

Усе мерапрыемствы будуць трансліравацца на Youtube-канале Свята-Лізавецінскага манастыра, а падрабязную інфармацыю пра іх можна атрымаць на старонцы анлайн-фестывалю. "Абавязкова правядзіце некалькі дзён з намі. Яны будуць доўга саграваць вас. Калі нашы дзеці стануць дарослымі, а мы, дарослыя, пастарэем, з намі застануцца зроблены сваімі рукамі вяртэп, вывучанае каляднае песнапенне, прыгадаецца сюжэт святочнага расказа. А цяпер, калі мы станем разумець богаслужэбныя тэксты і песнапенні і ведаць сімволіку кожнай дэталі каляднага абраза, само свята Раства нам адкрыецца па-іншаму", - упэўнена Вольга Камісарава.

У прыватнасці, 28 снежня наведвальнікі змаглі ўбачыць паказ прытчы "Бог і гусі" ценявога тэатра, а таксама паслухаць расказ Мікалая Ляскова "Неразменны рубель" у прачытанні заслужанай артысткі Беларусі Ірыны Нарбекавай. 29 снежня мастак Надзея Якаўлева правядзе майстар-клас па стварэнні дамашняй батлейкі, а іерэй Сергій Нежбарт, клірык Свята-Лізавецінскага манастыра і іканапісец раскажа пра абразы свята Раства Хрыстовага. 30 снежня можна ўбачыць батлеечны спектакль "Казанне пра Адама і Еву" ад узорнага лялечнага тэатра "Сонейка" мінскага Палаца культуры і спорту чыгуначнікаў.

На 2 студзеня запланаваны спектакль "Раство Дзеда Мароза" ў пастаноўцы батлеечнага тэатра Свята-Лізавецінскага манастыра. Акрамя таго, фларыст Наталля Клапаток правядзе майстар-клас па стварэнні дамашняга каляднага дэкору "Цудоўнае акенца". 3 студзеня наведвальнікам фестывалю будзе прадстаўлена гісторыя пра Раство ў тэхніцы пескаграфіі ў выкананні мастака па пяску Ганны Каштальян.

4 студзеня мастак па тэкстылі Алена Каляснікова правядзе майстар-клас "Зімовыя рэльефы серабра. Малюем на фользе". Рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Кацярына Дулава расказа аб тэме Раства Хрыстовага ў класічнай музыцы. Бакалаўр багаслоўя і старшы выкладчык Мінскага духоўнага вучылішча Андрэй Ахметшын патлумачыць калядныя богаслужэбныя тэксты.

5 студзеня ў дзень закрыцця фестывалю адбудзецца майстар-клас па стварэнні дамашняга вяртэпа, а іерэй Сергій Фалей, клірык Свята-Лізавецінскага манастыра, растлумачыць главы з Евангелля, якія чытаюцца ва ўрачыстыя дні Раства.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі