Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
17 снежня 2020, 16:12

Фестываль японскай культуры пройдзе анлайн 17-23 снежня

17 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Анлайн-фестываль японскай культуры Japan Fest пройдзе з 17 па 23 снежня. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў Цэнтры візуальных і выканальніцкіх мастацтваў "АРТ Карпарэйшн".

Штогадовы фестываль японскага кіно ўпершыню пераходзіць у анлайн-фармат і пашырае межы. На ім прадставяць сем фільмаў 2000-х, якія смела міксуюць у сабе мову традыцый з найноўшымі павевамі часу - камп'ютарнай графікай, драматургіяй мангі і класічнымі сюжэтамі. "Фільмы раскрываюць неверагодны вобраз Японіі - краіны рознабаковых культур і субкультур. Акрамя кінастужак можна ўбачыць і дадатковыя арт-блокі, якія дапамогуць зразумець японскую культуру крыху лепш", - адзначылі арганізатары.

Гледачам пакажуць дзве часткі фільма "Такійскі гуль". Ён зняты на аснове папулярнай серыі мангі Суі Ісіды і раскажа пра існаванне ў альтэрнатыўнай рэальнасці. У праграме таксама фільм конкурснай праграмы Венецыянскага кінафестывалю "Трэцяе забойства" Хіракадзу Карээда. Можна ўбачыць экранізацыю папулярнага японскага комікса-мангі "Страшная воля багоў" сучаснага рэжысёра Такасі Міікэ ў стылі культавых японскіх баевікоў. Japan Fest пакажа стужку "Сінобі" Тэна Cімаямы, дзе пераказана гісторыя "Рамэа і Джульеты" паміж варагуючымі кланамі ніндзя.

Дадатковы фестывальны блок "Арт" - гэта паглыбленне ў японскую культуру. "Адбудзецца майстар-клас па традыцыйным японскім жывапісе тушшу. Удзельнікам прадставяць шэраг лінагравюр мастака Арцёма Цімашэнкі для зборніка хайку Басе, якія сталі дадаткам да выдання ў адзіным экзэмпляры", - падкрэслілі арганізатары. У арт-блоку прадэманструюць таксама фільм-выставу "Ван Гог і Японія" пра самыя плённыя гады творчасці вялікага мастака, калі яго работы былі прасякнуты японскім мастацтвам.

Арганізатарам выступае цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў "Арт Карпарэйшн" - структура, на базе якой рэалізуюцца вядомыя кіна-, тэатральныя і адукацыйныя праекты. Сярод іх Міжнародны форум тэатральнага мастацтва "ТЭАРТ" і Мінскі міжнародны кінафестываль "Лістапад".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі