Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
20 ліпеня 2021, 09:43

Фестываль эпохі ранняга Сярэдневякоўя пройдзе ў Чавускім раёне

20 ліпеня, Магілёў /Кар. БЕЛТА/. Раённае свята эпохі ранняга Сярэдневякоўя "У госці да радзімічаў" пройдзе 31 ліпеня ў Чавускім раёне. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА расказала метадыст па традыцыйнай культуры раённага Цэнтра культуры і адпачынку ў горадзе Чавусы Алеся Далецкая.

"Этнаграфічны фестываль заснаваны на стылізацыі культуры Сярэдневякоўя, - адзначыла Алеся Далецкая. - Месцам правядзення традыцыйна стане Замкавая гара ў аграгарадку Радамля, які ў даўнія часы быў цэнтрам племені радзімічаў. Тут у X стагоддзі на левым беразе ракі Радучы яны заснавалі свой горад, пра што сведчаць знойдзеныя ў час археалагічных раскопак фрагменты старажытнага паселішча. Адсюль і пайшла назва сучаснага населенага пункта - Радамля".

У праграме этнафестывалю канцэрты, тэатралізаваныя паказы, паказальныя баі рэканструктараў з Мінска і Жодзіна, майстар-класы, выстаўкі-продажы рамесных вырабаў. Акрамя таго, гасцям свята прапануюць паўдзельнічаць у танцах і іншых забавах, наведаць інтэрактыўныя зоны, гандлёвыя рады і музей пад адкрытым небам.

"Адным з запамінальных момантаў стане конкурс сярод сельскагаспадарчых арганізацый Чавускага раёна "Радзіміцкія забавы", - падзялілася субяседніца. - Удзельнікам прапануюць аформіць і прэзентаваць падворкі ў стылі ранняга Сярэдневякоўя, зрабіць традыцыйны радзіміцкі абярэг і пачаставаць журы стравай, прыгатаванай згодна з сярэдневяковым рэцэптам".

Каманды будуць спаборнічаць у сіле, спрытнасці і меткасці. Ім трэба будзе кінуць кап'ё ў кальцо на адлегласці 5 м, злавіць голымі рукамі як мага больш рыбы, трапіць з лука стралой у кожную падвешаную на ланцугах літару ў слове "радзімічы". Акрамя таго, канкурсантам трэба будзе прайсці паміж разгайданымі мяшкамі і не зачапіць іх, а таксама пранесці каромысел з поўнымі вёдрамі па бервяне і не разліць ваду.

Фестываль праводзіцца восьмы раз і накіраваны на адраджэнне духоўна-маральных каштоўнасцей беларускага народа, захаванне пераемнасці пакаленняў, папулярызацыю гісторыі, матэрыяльнай і духоўнай культуры.-0

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі