ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Чацвер, 18 жніўня 2022
Мінск Ясна +20°C
Усе навіны
Усе навіны
Культура
02 чэрвеня 2022, 19:49

Фестываль "Браслаўскія зарніцы" адзначыць сёлета 55-годдзе

2 чэрвеня, Віцебск /Алеся Пушнякова - БЕЛТА/. Міжнародны фестываль традыцыйных культур "Браслаўскія зарніцы" пройдзе 4-5 чэрвеня, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Браслаўскім райвыканкаме.

Фэст "Браслаўскія зарніцы" - адно з вядомых песенных свят не толькі ў Віцебскай вобласці, але і ў Беларусі. Ён лічыцца правапераемнікам выканальніцкіх фестываляў даваеннага часу. У 2012 годзе часткай свята стаў абласны конкурс вакальна-харавых калектываў "Браслаўская харавая асамблея". У бягучым годзе ў ім прымуць удзел пяць дзіцячых калектываў з Докшыц, Наваполацка, Шуміліна, Лепеля і Глыбокага, а таксама 15 дарослых, сярод якіх будуць таксама выканаўцы з Магілёўскай і Мінскай абласцей, самадзейны хор са Смаленскай вобласці. У юбілейны для асамблеі год удзельнікі абяцаюць уразіць слухачоў, прадставіўшы розныя па жанры і характары музычныя творы. Вакальны конкурс сярод дзяцей і дарослых адбудзецца 4 чэрвеня.

У той жа дзень у 17.00 на гарадской плошчы пройдзе святочнае шэсце гасцей і ўдзельнікаў фестывалю, пасля якога - цырымонія адкрыцця фестывалю. Увечары, у 19.00, гледачы змогуць наведаць гарадзішча "Замкавая гара" і акунуцца ў атмасферу свята сярэдневяковай культуры "Меч Брачыслава". У гэты ж час на другой канцэртнай пляцоўцы гледачоў чакае "Баян-фэст". А ў 22.00 аматары беларускай эстрады пабываюць на канцэрце ўсімі любімага Беларускага дзяржаўнага ансамбля "Песняры".

Другі дзень фэсту будзе прысвечаны майстэрству танца, якому спрыяе муза Тэрпсіхора. На адкрытым конкурсе "Паазерскія тапаткі" 19 харэаграфічных калектываў са званнямі народных, заслужаных або ўзорных прадставяць у розных намінацыях народныя танцы, у тым ліку ў сучаснай інтэрпрэтацыі. Танцоры з Віцебскай і Гомельскай абласцей, Магілёва, Смаленска і Вялікіх Лук паспаборнічаюць за галоўны прыз конкурсу.

Таксама ў гэты дзень можна будзе наведаць выставу сакральнага тэкстылю з фондаў Музея старажытнабеларускай культуры Нацыянальнай акадэміі навук, пабываць на прэзентацыі інтэрактыўных зон раённага агляду-конкурсу "Мой горад". А ў 16.00 усіх чакае яркі святочны гала-канцэрт.

На працягу ўсяго фестывалю будуць працаваць інтэрактыўныя пляцоўкі і атракцыёны для дзяцей і дарослых, а таксама гандлёвыя рады, дзе госці свята змогуць набыць розныя прысмакі або сувеніры на памяць.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі