Сцяг Пятніца, 24 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
13 мая 2016, 13:50

Фестываль батлеечных тэатраў пройдзе 15 мая ў Смаргонскім раёне

13 мая, Гродна /Сяргей Гаўрыцкі - БЕЛТА/. Традыцыйныя народныя і сучасныя лялечныя пастаноўкі прадэманструюць удзельнікі фестывалю "Чароўны свет батлейкі", які пройдзе 15 мая ў сядзібе Залессе Смаргонскага раёна на радзіме знакамітага кампазітара Міхала Агінскага. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Смаргонскага райвыканкама.

Чакаецца, што ў фестывалі прымуць удзел каля дзясятка калектываў з усіх рэгіёнаў Беларусі. Гледачы ўбачаць не толькі традыцыйныя для беларускай батлейкі пастаноўкі, такія як "Салдат і чорт", але і сучасныя інтэрпрэтацыі. Адзін з калектываў прадставіць батлейку ў выглядзе сядзібы Залессе, мінскі тэатр прывязе пастаноўку паводле матываў "Маленькага прынца" Антуана дэ Сент-Экзюперы.

На фестывалі выберуць лепшыя калектывы сярод прафесіяналаў і аматараў. Уваход для гасцей будзе свабодным, пры гэтым арганізатары папярэджваюць, што колькасць месц невялікая, паколькі першапачаткова батлейка разлічана на невялікую аўдыторыю - сям'ю або групу людзей на кірмашы.

"Упершыню мы правялі такі фестываль у мінулым годзе. Спадзяёмся, ён стане традыцыйным, як калісьці батлейка стала нашай нацыянальнай традыцыяй", - адзначылі ў аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Паводле слоў спецыялістаў, мясцовыя калектывы не толькі адрадзілі традыцыю сямейных і кірмашовых тэатраў, але і далі ім другое жыццё, развіваюць гэты напрамак у сучасным рэчышчы. Іх пастаноўкі ўключаны ў турыстычныя маршруты на тэрыторыі раёна.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі