Сцяг Субота, 30 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
04 мая 2019, 11:21

Фестываль арганнай музыкі пройдзе ў Пінску ў маі-ліпені

4 мая, Брэст /Кар. БЕЛТА/. У Пінску - культурнай сталіцы Беларусі 2019 года - у маі-ліпені пройдзе міжнародны фестываль арганнай музыкі, прысвечаны памяці кардынала Казіміра Свёнтэка, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў сектары культуры гарвыканкама.

Музычны форум будзе праводзіцца ў касцёле Узнясення Прасвятой Дзевы Марыі. Паслухаць гучанне аргана пінчане і госці горада могуць у будныя дні і кожныя выхадныя (за выключэннем 13 ліпеня). Адкрыецца фестываль 25 мая, завяршальны канцэрт адбудзецца 21 ліпеня. Чакаецца, што за гэты час у Пінску выступяць амаль 30 арганістаў. Гэта навучэнцы дзіцячых музычных школ і школ мастацтваў, вышэйшых навучальных устаноў, маладыя выканаўцы і прызнаныя майстры арганнай музыкі. У прыватнасці, свой удзел пацвердзілі мэтры з Расіі Канстанцін Валастноў, Настасся Сідзельнікава і Даніэль Зарэцкі.

Галоўны герой фестывалю - вялікі гістарычны арган, пабудаваны ў 1836 годзе. "Ён капітальна перабудаваны ў 1936 годзе. Ад старога аргана ў ім захаваліся толькі барочны корпус і каля 15 працэнтаў труб. У Беларусі гэта другі па велічыні гістарычны арган. Фестываль пройдзе ў старажытным касцёле, у гістарычных інтэр'ерах, там надзвычайныя драўляныя разныя алтары - будзе атмасферна", - расказалі арганізатары.

На працягу амаль двух месяцаў запланавана больш за 20 рознафарматных канцэртаў. Жадаючым прадставіцца магчымасць пачуць сольныя арганныя кампазіцыі, атрымаць асалоду ад гучання аргана ў спалучэнні з іншымі музычнымі інструментамі, вакалам, аркестрам.

"Фестываль прысвечаны памяці кардынала Казіміра Свёнтэка. У гэтым годзе спаўняецца 80 гадоў з дня яго пасвячэння ў духоўны сан, і фестываль будзе завершаны 21 ліпеня, у дзень яго смерці, выкананнем рэквіема. Казімір Свёнтэк у 1990-я гады адыграў важную ролю ў адраджэнні арганнай культуры Беларусі. Гэта ў пэўным сэнсе падзяка яму", - адзначылі ў выканкаме.

Арганізатарамі фестывалю арганнай музыкі выступаюць Пінскі аргвыканкам, Пінская епархія Рымска-каталіцкай царквы пры спонсарскай падтрымцы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі