Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
30 кастрычніка 2018, 13:41

Фарбы роднай зямлі вачыма беларускіх жывапісцаў можна ўбачыць у Мінску 1 лістапада

30 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сумесная выстава жывапісу вядомых беларускіх мастакоў Віктара Барабанцава і Леаніда Гоманава "Фарбы зямлі" адкрыецца ў сталічнай галерэі "Беларт" 1 лістапада, паведамілі БЕЛТА ў галерэі.

"На выставе "Фарбы зямлі" вядомыя беларускія жывапісцы прадставяць новыя пейзажы, створаныя ў час пленэраў у розных кутках Беларусі, а таксама Іспаніі і Італіі. Абодва мастакі пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута сталі прыхільнікамі лепшых традыцый беларускай рэалістычнай школы", - адзначыў мастацтвазнавец, даследчык беларускага сучаснага мастацтва Мікалай Паграноўскі.

Паводле яго слоў, творчасць Віктара Барабанцава адлюстроўвае шырокі дыяпазон інтарэсаў: партрэт, нацюрморт, сюжэтна-тэматычная карціна, жывапіс, выкананы ў строгіх рамках канонаў царкоўнага мастацтва. "Асаблівае месца ў яго творчасці таксама займае гістарычная тэматыка, якая ўключае не толькі гістарычны пейзаж, але і партрэты вядомых асоб беларускай гісторыі. А вось Леанід Гоманаў аддае перавагу прыроднаму пейзажу. Яго любоў да простых сюжэтаў, здольнасць убачыць, здавалася б, у самых простых ландшафтах веліч і хараство прыроды, сталі характэрнымі асаблівасцямі жывапісца", - расказаў мастацтвазнавец.

Віктар Барабанцаў - член Беларускага саюза мастакоў. У 1999 годзе ўзнагароджаны медалём за заслугі ў выяўленчым мастацтве, у 2010 годзе - медалём Францыска Скарыны, з'яўляецца лаўрэатам прэміі "За духоўнае адраджэнне". Яго творы знаходзяцца ў зборах Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, фондах Беларускага саюза мастакоў, Цэнтра сучаснага мастацтва ў Мінску, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.

Леанід Гоманаў працуе ў станковым жывапісе, кніжнай графіцы і плакаце. З 1991 года з'яўляецца членам Беларускага саюза мастакоў. Яго творы знаходзяцца ў зборах Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, фондах Беларускага саюза мастакоў, Цэнтра сучаснага мастацтва ў Мінску, літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі