Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
23 снежня 2021, 09:01

Фальклор і міфалогія ў кераміцы: у галерэі Шчамялёва прадставілі новую экспазіцыю

23 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выстава "Мастацтва жывога агню" адкрылася 22 снежня ў Гарадской мастацкай галерэі твораў Л.Д. Шчамялёва. Праект прадставілі па выніках XVII Міжнароднага пленэру па кераміцы "Арт-Жыжаль", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Вялікае шчасце, што пленэр адбыўся, бо мы пазнаёміліся з вялікай колькасцю выдатных мастакоў, - сказаў стваральнік пленэру вядомы беларускі мастак-кераміст Валерый Калтыгін. - Кераміка - інтэлектуальны пажытак для розуму, адзін з нямногіх відаў мастацтва, які падштурхоўвае чалавека да разважання, успрымання, асацыятыўнага мыслення".

Мастацтвазнавец Наталля Шаранговіч адзначыла, што ў бягучым годзе новая экспазіцыя ў галерэі Шчамялёва практычна апошняя для Саюза мастакоў. "Адбыўся выдатны пленэр у Бабруйску. Азірніцеся на гэтыя работы і заўважце, што ў іх ёсць агонь і жыццё, якое было некалі натхнёна Валерыем Калтыгіным. Ён сабраў вакол сябе аднадумцаў, стварыў базу для гэтага пленэру, і нарадзіліся такія ўнікальныя творы. Але самае галоўнае, што з жывога агню нарадзілася цэлая плеяда цудоўных мастакоў. Цяперашняе свята прыгожае, таму што ўвасобілася ў нечаканых і незвычайных работах. У гэтых творах мастацтва ёсць сапраўдны агонь мастака, які палае ў рэальных рэчах", - сказала яна.

У экспазіцыі прапанавалі больш за 60 твораў, выкананых майстрамі ў розных тэхніках. У бягучым годзе работы мастакоў аб'яднаны тэмай фальклору і міфалогіі ў мастацтве сучаснай керамікі. Пленэр арганізаваны пад дэвізам "Ад традыцый да сучаснасці праз вопыт майстэрства". У яго ўвайшлі 17 прафесійных мастакоў з шасці краін: Беларусі, Грузіі, Малдовы, Перу, Расіі і Украіны.

"Пленэру 17 гадоў і ён яшчэ зусім юны. Гэта толькі пачатак творчага шляху, - падкрэсліла мастацтвазнавец Ларыса Фінкельштэйн. - Для ўдзелу ў пленэры прыязджаюць іншаземцы і, пабываўшы тут два тыдні, становяцца сапраўднымі калтыгінцамі, у якіх відаць руку настаўніка. Абаянне яго керамікі, адчуванне гліны, агню, светабудовы - усё гэта заразліва. Вельмі цікава назіраць за работамі мастакоў з Перу, Украіны, ЗША, якія атрымліваюць рысы беларускай керамікі. Яна цяпер не проста від мастацтва, а сапраўдная філасофія".

Удзельнікі прадэманстравалі разнастайнасць тэхналагічных працэсаў пры стварэнні керамічных вырабаў, шырокі дыяпазон пластычных уласцівасцей гліністых матэрыялаў, рэльефных, фактурных, каляровых, графічных спосабаў апрацоўкі паверхні дэкаратыўных форм і спалучэнне розных спосабаў абпалу.

У беларускай народнай міфалогіі богам падземнага агню лічылі Жыжаля. З 2003 года ў Бабруйску праходзіць міжнародны пленэр па кераміцы "Арт-Жыжаль". З 2003 па 2021 год у ім прынялі ўдзел 152 мастакі з 27 краін.

Выстава прадоўжыцца па 23 студзеня.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі