Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
29 снежня 2020, 19:13

Эстафета святочнага настрою стартавала на хвалях Беларускага радыё

29 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Напярэдадні Новага года генеральны прадзюсарскі цэнтр Беларускага радыё падрыхтаваў для слухачоў насычанае і разнастайнае напаўненне Першага нацыянальнага канала, канала "Культура", радыёстанцый "Радыус-FM" і "Сталіца", а таксама міжнароднага радыё "Беларусь". Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі.

Ужо цяпер у эфіры Першага нацыянальнага інтэрактыўны марафон віншаванняў праводзяць вядучыя любімай праграмы "Вітаем, віншуем, жадаем!". Асноўныя вынікі года па традыцыі падводзіць галоўная інфармацыйная праграма "Радыёфакт", а знакавыя падзеі 2020-га радыёжурналісты абмяркоўваюць разам з экспертамі і медыйнымі персонамі ў эфіры "Актуальнага мікрафона".

Аб навагодніх традыцыях сустрэчы Новага года расказваюць госці "Сямейнай праграмы", а 31 снежня ў пераднавагодні вечар сімфанічны аркестр запросіць слухачоў у займальнае віртуальнае турнэ па планеце пад гукі любімых сусветных хітоў. Ужо з першых хвілін новага года музычную эстафету ў эфіры падхопіць праект "Любімая пласцінка. Навагодняя калекцыя" - "залатыя" рэтра-хіты.

Акрамя таго, навагодні эфір упрыгожаць лірычныя замалёўкі "Паэтычнага эцюда" - прагучаць паэтычныя віншаванні ад класікі да сучаснасці ў выкананні майстроў беларускай тэатральнай школы, а "Тэатр Беларускага радыё" запросіць слухачоў на спектаклі з казачнымі сюжэтамі.

У святочным эфіры канала "Культура" прагучаць навагоднія радыёпаштоўкі, а ў інфармацыйных, публіцыстычных і культуралагічных праектах з удзелам знакамітых гасцей будуць названы найбольш значныя культурныя падзеі 2020 года. У музычных, літаратурна-мастацкіх і пазнавальных перадачах прагучаць вядомыя калядныя і навагоднія мелодыі кампазітараў-класікаў і сучасных аўтараў з розных краін. Акрамя таго, запланаваны трансляцыі святочных канцэртаў Еўрапейскага вяшчальнага саюза, канцэртных праграм з фондаў Беларускага радыё.

Прыемныя прызы чакаюць самых актыўных слухачоў і падпісчыкаў сацыяльных сетак радыёстанцыі "Радыус FM". Напярэдадні Новага года ў эфіры ранішняга шоу "Тэорыя вялікай раніцы" пачнуцца тэматычныя віктарыны на веданне традыцый навагодніх святкаванняў. У праекце "Актыўная 5-ка!" адзначаць самых адданых паклоннікаў радыёстанцыі сярод падпісчыкаў у сацсетках Instagram і УКантакце. 31 снежня ў эфір выйдзе "Капуснік" з віншаваннямі дыджэяў і лепшымі навагоднімі кампазіцыямі апошніх гадоў. За некалькі гадзін да паўночы прагучыць падагульняючы хіт-парад "Радыус ТОП-20". Апоўначы месца ў эфіры зойме навагодняя дыскатэка, якая прадоўжыцца да 14.00 1 студзеня 2021 года.

Слухачоў радыёстанцыі "Сталіца" ў дні навагодніх і калядных свят парадуюць віншавальныя музычныя паштоўкі. 31 снежня ў ранішнім шоу "Ранак робім разам" і ў дзённай інфармацыйна-забаўляльнай праграме "Ну і дзянёк!" пройдуць конкурсы і віктарыны з розыгрышам цікавых і карысных прызоў.

Міжнароднае радыё "Беларусь" прадставіць замежным слухачам на ўсіх дзевяці мовах вяшчання дайджэст найбольш значных падзей 2020 года ў палітычным, эканамічным, культурным і спартыўным жыцці Беларусі. Запланаваны інтэрв'ю з палітычнымі і грамадскімі дзеячамі, спартсменамі і артыстамі. У праграмах "Спадчына" і "Беларусь і свет" журналісты-міжнароднікі раскажуць пра беларускія традыцыі святкавання Новага года, асаблівасці яго сустрэчы ў гэтым годзе, святочныя дабрачынныя акцыі і кампаніі. Міжнародны спадарожнікавы і анлайн-эфір напоўняць навагоднія прывітанні і віншаванні ад пастаянных слухачоў радыёстанцыі з розных краін.

У медыяхолдынгу адзначылі, што святочныя праграмы выйдуць і ў эфіры рэгіянальных радыёстанцый "Радыё Брэст", "Горад FM", "Радыё Віцебск", "Радыё Гомель", "Гомель+", "Радыё Гродна", "Радыё Магілёў" ва ўсіх абласцях краіны.

"Пад акампанемент прыгожай музыкі і добрых пажаданняў генеральны прадзюсарскі цэнтр Беларускага радыё запрашае разам сустрэць зімовыя святы і ў поўнай меры адчуць іх чараўніцтва", - дадалі ў прэс-службе.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі