21 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Другія Кісялёўскія навуковыя чытанні "Да 200-годдзя рамантызму ў літаратуры Беларусі" пройдуць 22 красавіка ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе ўстановы.
Чытанні будуць прысвечаны памяці Генадзя Кісялёва - беларускага гісторыка, пісьменніка, літаратуразнаўца і археографа.
Генадзь Кісялёў - знакавая асоба айчыннага літаратуразнаўства. Ён вывучаў беларускую літаратуру, гісторыю нацыянальна-вызваленчага руху ў Беларусі 19 стагоддзя. Пісьменнік стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа за кнігі гісторыка-літаратурных даследаванняў.
22 красавіка наведвальнікаў чакае адкрыццё выстаўкі з рэдкімі кнігамі і рукапісамі, у якіх адлюстроўваецца эпоха рамантызму і яе асаблівасці ў беларускай літаратуры.
На мерапрыемстве выступяць прадстаўнікі Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры. У ходзе навуковых чытанняў будзе абмеркаваны шэраг пытанняў адносна рамантызму ў творчасці беларускіх аўтараў, яго вобразнай і жанравай сістэмы і інш.
На навуковыя чытанні запрошаны вядучыя літаратуразнаўцы, гісторыкі і культуролагі Беларусі.
Пачатак мерапрыемства ў 10.00.-0-