Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
04 верасня 2019, 10:04

Энцыклапедыю Брэста выпусцілі да 1000-гадовага юбілею горада

4 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У выдавецтве "Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі" ўбачыла свет унікальнае выданне - энцыклапедыя "Брэст.1000", прысвечанае 1000-годдзю аднаго з самых старажытных гарадоў Беларусі, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар выдавецтва Уладзімір Андрыевіч.

Брэст багаты самабытнай гістарычнай і культурнай спадчынай. Многія лёсавызначальныя падзеі еўрапейскага і сусветнага значэння звязаны з гэтым горадам, Брэсцкай крэпасцю-героем. Не раз кровапралітныя і разбуральныя войны, пажары і іншыя бедствы бязлітасна знішчалі гарадскі здабытак. І кожны раз дзякуючы самаадданай працы і намаганням жыхароў горад адраджаўся. "Ведаючы і ўлічваючы гэта, у нашым выданні мы імкнуліся паказаць, як брастаўчане гераічна і таленавіта тварылі гісторыю малой радзімы, стваралі асаблівы дух і непаўторную атмасферу свайго горада, заўсёды прадстаўляючы яго свету велічным і мужным, гасцінным і зручным для жыцця", - расказаў Уладзімір Андрыевіч.

Паводле яго слоў, 14 асноўных тэматычных раздзелаў выдання ўключаюць каля тысячы артыкулаў, якія расказваюць аб гісторыі Брэста, яго адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзеле, дзейнасці органаў кіравання, архітэктуры, помніках і памятных мясцінах, стане эканомікі, аховы здароўя, адукацыі, навукі, культуры, спартыўных дасягненнях, сродках масавай інфармацыі, грамадскіх арганізацыях, рэлігійных аб'яднаннях. У кнізе змешчаны шматлікія біяграфічныя артыкулы аб гістарычных асобах, ганаровых грамадзянах, работніках розных сфер, удастоеных высокіх дзяржаўных узнагарод, ганаровых званняў", - адзначыў дырэктар выдавецтва.

28 багата ілюстраваных тэматычных блокаў на трох мовах (беларускай, рускай і англійскай) шырока раскрываюць найбольш значныя для старажытнага, але ў той жа час вельмі сучаснага Брэста гістарычныя, культурныя, навуковыя, адукацыйныя, вытворчыя, спартыўныя падзеі і выдатныя мясціны горада.

У энцыклапедыі знайшлі адлюстраванне і вынікі маштабнай работы апошніх гадоў па будаўніцтве і добраўпарадкаванні горада пры падрыхтоўцы да святкавання свайго 1000-годдзя. Фатаграфіі, зробленыя з дапамогай квадракоптара, паказваюць гэту маштабную работу ў асобных ілюстрацыйных укладках.

"У склад рэдакцыйнага савета кнігі пад кіраўніцтвам старшыні Брэсцкага гарвыканкама Аляксандра Рагачука ўвайшлі вучоныя-гісторыкі, супрацоўнікі музеяў, бібліятэк і іншых устаноў Брэста. Каардынатарам праекта выступіў доктар гістарычных навук прафесар Аляксандр Вабішчэвіч", - падкрэсліў Уладзімір Андрыевіч. Ён дадаў, што сумеснымі намаганнямі падрыхтавана маштабнае сучаснае выданне аб гераічным і працавітым Брэсце, якое будзе карысным усім, хто цікавіцца гісторыяй і сучасным развіццём гарадоў Беларусі, хто хоча больш даведацца пра краіну і яе людзей, хто ганарыцца дасягненнямі роднай Беларусі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі