Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
13 снежня 2021, 18:47

"Ён пайшоў шчаслівым чалавекам": беларусы развіталіся з Міхаілам Фінбергам

13 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Грамадзянская паніхіда па Міхаілу Фінбергу прайшла сёння ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі, дзе сабраліся ўсе, хто працаваў з народным артыстам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Вялікая страта для нас усіх. Найвялікшы настаўнік, чалавек, які сапраўды навучыў нас усяму, што павінен ведаць кожны музыкант, - адзначыў саліст Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі Дзмітрый Качароўскі. - Усё самае добрае, што ён мог нам сказаць як старэйшы, ён гаварыў. Я помню нашу апошнюю сустрэчу, якая была перад канцэртам у Магілёве. Мы якраз праходзілі праграму, вучылі новыя песні. Былі вялікія планы, размовы пра "Славянскі базар", пра Маладзечна. Маэстра, можа, не заўсёды нешта гаварыў, але рабіў так, што мы разумелі. Міхаіл Якаўлевіч загартаваў нас, навучыў быць адказнымі за свае словы, ставіцца да работы сумленна, правільна, і мы заўсёды спявалі шчыра, ад душы".

Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Беларусі Аляксандр Румак сказаў, што Міхаіл Фінберг быў прыкладам для многіх. "Міхаіл Якаўлевіч унёс вялікі ўклад у развіццё беларускай культуры, прапагандаваў айчынную музыку. Вялікая страта, бо ён аддаваў сябе для развіцця, захавання традыцый нашай музыкі. Яго аркестр нёс беларускае мастацтва не толькі ў нашай роднай краіне, але і далёка за яе межамі", - падкрэсліў ён.

"Галоўнае, аб чым заўсёды гаварыў Міхаіл Якаўлевіч - быць на сцэне сумленным, непадробным, шчырым, і ён меў рацыю. Мы ўсе ведаем, што ён быў строгім, але адначасова ранімым, уважлівым прафесіяналам з вялікай літары. У ім спалучаліся ўсе якасці сапраўднага музыканта, кіраўніка вялікага калектыву, і ён быў не толькі настаўнікам, але і сапраўдным бацькам. Яму ўдзячны не толькі музыканты і артысты, якім ён падарыў творчае жыццё, адкрыў вялікую сцэну, але яшчэ і тысячы адданых паклоннікаў сапраўднай прафесійнай музыкі", - падзяліўся спявак Юрый Вашчук (Тэа).

Паводле яго слоў, маэстра заўсёды хацеў, каб у беларускім музычным мастацтве было больш прафесіяналаў. "Сёння людзей такога высокага палёту, вялікага маштабу мала. Трэба цаніць іх, пры жыцці адорваць увагай. Безумоўна, гэта незаменная страта для нашай краіны, але я ўпэўнены, што ён пайшоў шчаслівым чалавекам, таму што ў сваю чаргу ён зрабіў вельмі многіх шчаслівымі", - упэўнены Юрый Вашчук.

"Мы страцілі таленавітага чалавека, майстра сваёй справы. Як мы будзем без яго адзначаць "Палескія сустрэчы", "Музы Нясвіжа", "Заслаўе", "Уздзенскую восень"? Ён быў ініцыятарам многіх мерапрыемстваў, ён - легенда, і мы заўсёды будзем шанаваць яго памяць", - сказала першы намеснік галоўнага ўпраўлення культуры Мінаблвыканкама Таццяна Хмель.

Дырэктар "Славянскага базару" Глеб Лапіцкі падкрэсліў, што праца для Міхаіла Фінберга ніколі не была работай: "Міхаіл Якаўлевіч - адзін з айцоў "Славянскага базару", таму што тады, калі яшчэ ніхто не ведаў, як усё гэта арганізоўваць, Міхаіл Фінберг, Ігар Лучанок прыдумалі ўсё гэта. Цяпер многія ведаюць, як гэта працуе, але тады гэта было рызыкоўна. Гэты напор дапамагаў яму па жыцці. Ён быў геніяльным арганізатарам, які загараўся ідэяй свайго дзеяння і не дазваляў фальшу. На голай базе ён мог стварыць калектыў, які ведаюць у многіх краінах свету. Міхась Якаўлевіч - прызнаны геній, і памяць пра яго будзе вечнай".

"Практычна з моманту заснавання філармоніі пачалася дружба з маэстра, з яго аркестрам, - расказала дырэктар Магілёўскай абласной філармоніі Святлана Яфімук. - Міхаіл Якаўлевіч стаяў ля вытокаў заснавання фестывалю "Залаты шлягер", і першыя канцэрты праходзілі толькі ў суправаджэнні яго калектыву. Яго прафесіяналізм і чуццё рабілі ўсе канцэрты яркімі і незабыўнымі. Апошняе выступленне калектыву, якім столькі гадоў кіраваў маэстра, прайшло ў Магілёве, але, на жаль, ужо без вялікага дырыжора. Для мяне ён запомніцца яркім, неардынарным чалавекам. З ім было складана, але і лёгка: ён умеў захапіць таленты і паставіць на месца, калі гэта патрэбна. Узвёў вялікае аркестравае майстэрства на высокі п'едэстал. Ён прымушаў ганарыцца і паважаць музыку".

Пра смерць Міхаіла Фінберга стала вядома 11 снежня. Ён памёр на 75-м годзе жыцця.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі