Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
13 сакавіка 2020, 16:22

Елізар'еў: дзіцячым рэпертуарам Вялікі тэатр рыхтуе юнага гледача да сур'ёзных твораў

13 сакавіка, Мінск /Настасся Архіпава - БЕЛТА/. Дзіцячым рэпертуарам Вялікі тэатр Беларусі рыхтуе юнага гледача да сур'ёзных твораў, заявіў журналістам мастацкі кіраўнік тэатра Валянцін Елізар'еў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

14 і 15 сакавіка на сцэне Вялікага тэатра Беларусі адбудзецца прэм'ера новага дзіцячага спектакля - оперы Паўла Вальдгарта "Кошчын дом" паводле матываў Самуіла Маршака. "Работа над дзіцячымі спектаклямі ідзе невыпадкова. Да канца года ў Вялікім тэатры плануецца дзіцячая оперная прэм'ера "Пінок'ё". Мы добра разумеем, што, паказваючы дзіцячы рэпертуар, рыхтуем юнага гледача да сур'ёзных сачыненняў, вядзём да вяршынь сусветнай музыкі. Таму будзем развіваць у бліжэйшыя гады гэты напрамак", - сказаў Валянцін Елізар'еў.

Над пастаноўкай "Кошчын дом" працуе малады творчы калектыў: рэжысёр Дар'я Пататурка і мастак-пастаноўшчык Кацярына Шымановіч. Для Дар'і Пататурка гэта дэбют. "У час падрыхтоўкі мы акунуліся ў дзяцінства. У нас нестандартнае рашэнне - выкарыстоўваць модульны канструктар. Гэта прывычна для сучаснага дзіцяці. Дзякуючы сінтэзу жанраў і культур, розным персанажам і дынамічнаму руху на сцэне, спектакль будзе трымаць увагу маленькіх гледачоў", - расказала яна.

"Маленькія дзеці адкрыюць для сябе свет лялек, юнакі і дзяўчаты змогуць прасачыць за сюжэтам і атрымаць асалоду ад карцінкі. Спадзяюся, і дарослым будзе цікава", - адзначыла Кацярына Шымановіч.

Як падкрэсліў дырыжор-пастаноўшчык Алег Лясун, музычнае напаўненне оперы атрымалася цікавым і паўнацэнным. "Мы пастараліся зрабіць музыку без электронных прыстасаванняў, каб атрымаўся сапраўдны оперны тэатр з добрым балансам", - дадаў ён.

Салістка оперы Вялікага тэатра Алена Золава спадзяецца, што спектакль спадабаецца юнаму гледачу. "Дзіцячы спектакль - гэта заўсёды цікава. Многія салісты тэатра з'яўляюцца бацькамі, таму ў нас ёсць разуменне, як падносіць гісторыю дзецям. На першы план выходзяць лялькі, а мы, як салісты, павінны агучыць персанажаў, удыхнуць у іх жыццё. Каб зрабіць гэта, з дапамогай голасу трэба данесці інтанацыі, фарбы і эмоцыі, і пры гэтым не выкарыстоўваць ніякія жэсты. Падкрэслю, што музыка вельмі даступная, лагічная і добра раскрывае герояў", - сказала яна.

Салістка оперы Вольга Маліноўская, будучы шматдзетнай маці, звярнула ўвагу на тое, што многія бацькі сутыкаюцца з праблемай: куды звадзіць адразу ўсіх сваіх дзяцей розных узростаў. "Цяпер у Вялікім тэатры Беларусі з'явіўся спектакль "Кошчын дом" з рэйтынгам 0+. Доўжыцца ён нядоўга: два акты, падзеленыя антрактам", - адзначыла яна.

Генеральны дырэктар тэатра Аляксандр Пятровіч дапоўніў, што з пачатку наступнага сезона плануецца паказаць "Кошчын дом" і ў іншых гарадах Беларусі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі