Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
06 жніўня 2020, 10:22

Экспазіцыю Цэнтра традыцыйнай культуры і побыту ў Пінскім раёне папоўніць знойдзеная на дне ракі лодка

6 жніўня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Паднятая са дна ракі Ясельды лодка стане часткай экспазіцыі Цэнтра традыцыйнай культуры і побыту "Спадчына Палесся" ў Пінскім раёне, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА загадчыца цэнтра Таццяна Вакуліч.

"У нас ёсць пляцоўка, дзе мы хочам стварыць летнюю экспазіцыю пад адкрытым небам. Нядаўна жыхар вёскі Чамярын падарыў нам самаробную лодку, якую знайшоў і дастаў са дна Ясельды. Яна з фанеры, добра захавалася. Як мяркуецца, гэта лодка сярэдзіны мінулага стагоддзя. Мы плануем яе рэстаўрыраваць і ўстанавіць на пляцоўцы, дабавіць да яе экспанаты і зрабіць інсталяцыю. Можа, менавіта гэта знаходка стане адной з нашых візітак", - сказала загадчыца цэнтра.

fff1

Цэнтр традыцыйнай культуры і побыту "Спадчына Палесся" адкрылі ў кастрычніку 2016 года ў вёсцы Мерчыцы. У будынак былой школы энтузіясты аддзела культуры Пінскага райвыканкама ўдыхнулі новае жыццё. Пляцоўку перад цэнтрам упрыгожваюць драўляныя скульптуры палешукоў - падарунак удзельнікаў абласнога пленэру разьбяроў. У самым цэнтры дзевяць экспазіцыйных залаў, дзе размешчана больш за 1 тыс. аўтэнтычных экспанатаў, сабраных культработнікамі па ўсім Пінскім раёне.

"Асаблівых складанасцей пры стварэнні цэнтра не было. Ідэю падтрымаў райвыканкам. Нешта людзі давалі ў дар, нешта самі знаходзілі на закінутых падворках. Мы ганарымся, што практычна ўсе экспанаты нашага цэнтра сапраўдныя", - адзначыла Таццяна Вакуліч.

У зале лозапляцення сабрана калекцыя кошыкаў - круглых, авальных, з характэрным арнаментам. Сярод вырабаў ёсць розныя каробкі, сумкі пастухоў, прыстасаванні для лоўлі рыб, дзіцячыя калыскі. У суседняй зале прадстаўлены ручныя ткацкія станкі (у тым ліку ў рабочым стане) і больш за паўсотню ручнікоў рознага прызначэння (вясельныя, абрадавыя, для хлеба, "набожнікі" для абразоў, выціральнікі). Узоры творчасці народных умельцаў экспануюцца ў зале дрэваапрацоўкі. Тут можна ўбачыць самаробны сталярны інструмент (цыркуль, рэйсмус, рубанак), драўлянае прыстасаванне 20-х гадоў мінулага стагоддзя для выраўноўвання чароту пры ўладкаванні даху.

Не менш цікавыя экспанаты ў залах традыцыйнай пінскай вышыўкі, ганчарні, траўніцы, на падворку палешука, у сялянскай хаце. Новая, абрадавая, зала адкрыта вясной гэтага года. Тут прадстаўлены ўнікальныя народныя абрады, якія захаваліся ў Пінскім раёне: фрагмент вясельнага абраду "Скокі на лавах", "Ваджэнне куста", "Качанне ў расе", абрады "Засеўкі гуркоў" і "Праводны тыдзень", іншыя элементы сямейна-бытавых і каляндарна-абрадавых свят.

Летам на базе Мерчыцкага цэнтра "Спадчына Палесся" праходзіць адкрыты рэгіянальны фестываль фальклорнага мастацтва "Фальварак мінулага", які прэтэндуе на статус культурнага і турыстычнага брэнда.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі