Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
25 лістапада 2020, 17:55

Экспазіцыю рэдкай кнігі прэзентавалі ў Брэсце да 80-годдзя абласной бібліятэкі

25 лістапада, Брэст /Кар. БЕЛТА/. У Брэсцкай абласной бібліятэцы імя М.Горкага 25 лістапада прэзентавалі музейна-выставачную экспазіцыю аддзела рэдкай кнігі. Мерапрыемства прымеркавана да 80-годдзя ўстановы культуры, якое яна адзначае ў гэтым годзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Аддзел рэдкай кнігі - самае маладое структурнае падраздзяленне бібліятэкі: ён утвораны з аднайменнага сектара. Цяпер яго фонд налічвае больш за 2,7 тыс. экзэмпляраў розных дакументаў на беларускай, рускай, польскай, нямецкай, англійскай, іншых еўрапейскіх мовах, а таксама лацінскай і эсперанта. Гэта кнігі, брашуры, лістоўкі, карты, перыядычныя выданні, архіўныя дакументы пачынаючы з XVI стагоддзя да нашых дзён. Узрастаючым фондам стала цесна ў старых сценах: было вырашана выдзеліць аддзелу новае памяшканне, а з самых каштоўных, рэдкіх і ўнікальных выданняў стварыць пастаянную музейна-выставачную экспазіцыю.

"Быў зроблены рамонт памяшкання, закуплена спецыяльная мэбля для захоўвання і экспанавання рарытэтаў, а таксама неабходнае абсталяванне для падтрымання аптымальнага тэмпературнага рэжыму і вільготнасці. Цяперашняя экспазіцыя - гэта вялікі падарунак да 80-годдзя бібліятэкі ад упраўлення культуры і Брэсцкага аблвыканкама", - падкрэсліла дырэктар абласной бібліятэкі Алена Стрыжэвіч.

Цэнтральнае месца ў экспазіцыі займае жамчужына кніжнага фонду - фрагмент Брэсцкай Радзівілаўскай Бібліі, выдадзены 4 верасня 1563 года ў Брэсцкай друкарні. Ён уключае часткі кнігі са Старога і Новага Запаветаў - усяго 69 лістоў. Мяркуецца, што фрагмент быў сфарміраваны ў канцы XIX стагоддзя, якім датуецца яго пераплёт. Сёння вядома аб трох экзэмплярах Брэсцкай Бібліі, што захоўваюцца ва ўстановах Беларусі.

У экспазіцыі прадстаўлены і іншыя выданні, якімі можа ганарыцца любая бібліятэка свету. Напрыклад, дзве кнігі буйнейшай нідэрландскай друкарні Крыстафера Плантэна, заснаванай у 1555 годзе ў Антверпене. Цікавасць таксама ўяўляюць польскае выданне 1611 года "Хронікі Еўрапейскай Сарматыі", 1-ы том выбраных прац Жана Батыста Русо, надрукаваны ў Парыжы ў 1799 годзе, том гербоўніка XVIII стагоддзя "Карона Польская", акты Віленскай археаграфічнай камісіі, зборнік пастаноў для жыхароў Брэст-Літоўска. У вітрынах можна ўбачыць "Памятную кніжку Гродзенскай губерні на 1866 год", этнаграфічны зборнік "Пінчукі" канца XIX стагоддзя, прыжыццёвыя выданні зборніка гістарычных песень Юльяна Нямцэвіча і класікаў беларускай літаратуры - Вацлава Ластоўскага, Цішкі Гартнага і іншых.

Намеснік старшыні аблвыканкама Генадзь Барысюк павіншаваў калектыў бібліятэкі з юбілеем, адзначыўшы, што яна з'яўляецца культурна-адукацыйным і навукова-даследчым цэнтрам рэгіёна. "Гэта флагман бібліятэчнай навукі нашай вобласці, месца, дзе і на словах, і на справе захоўваюць гісторыю, культуру", - сказаў ён. Віцэ-губернатар паабяцаў, што органы ўлады і ў далейшым будуць знаходзіць сродкі для папаўнення бібліятэчных фондаў. Дарэчы, ужо ў час прэзентацыі некалькі рэдкіх кніг і архіўных дакументаў установе падарылі запрошаныя госці, сярод якіх былі ганаровыя чытачы, мецэнаты, краязнаўцы. Так, намеснік генеральнага дырэктара - дырэктар па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Аляксандр Суша перадаў у дар калегам прыжыццёвае выданне кнігі Максіма Горкага, чыё імя носіць Брэсцкая абласная бібліятэка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі