Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
02 чэрвеня 2022, 15:49

Экспазіцыю работ літаратуразнаўца Вячаслава Рагойшы прэзентавалі ў НББ

2 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выстава "Цудадзейнасць жывога слова", прысвечаная 80-годдзю літаратуразнаўца Вячаслава Рагойшы, адкрылася ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, паведамілі БЕЛТА ва ўстанове культуры.

"Творчая дзейнасць Вячаслава Рагойшы настолькі разнастайная, што пералічыць усе яе сферы немагчыма. Ён гісторык і тэарэтык літаратуры, крытык, вершазнавец і перакладазнавец, кампаратывіст, тэкстолаг і выдавец, архівіст і бібліёграф, аўтар прац па паэтыцы, стыліст і мемуарыст, краязнавец, вядучы тэлеперадач", - расказалі арганізатары.

Раздзелы экспазіцыі "На арбіце часу" і "Слова пра знаўцу слова" падрабязна раскрываюць навуковую і выкладчыцкую дзейнасць таленавітага літаратуразнаўца. Сярод прадстаўленай літаратуры - кнігі "Паэтыка Максіма Танка", "Мой Трыглаў", "Дзесяць саг пра Караткевіча", дапаможнікі для ВНУ "Беларускае вершаванне", "Асновы вершазнаўства", "Уводзіны ў літаратуразнаўства", неаднаразова перавыдадзены "Паэтычны слоўнік", энцыклапедычны даведнік "Верш. Паэзія", зборнік вершаў "Полюс цяпла", кніга літаратурна-крытычных артыкулаў, эсэ, дыялогаў "І адгукнецца слова ў слове", кніга перакладной паэзіі "Вочы ў вочы, мыслі ў мыслі" і многія іншыя.

Усё жыццё Вячаслаў Рагойша працуе ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. Пасля заканчэння ў 1963 годзе філалагічнага факультэта БДУ застаўся працаваць выкладчыкам беларускай літаратуры. Паспяхова абараніў кандыдацкую і доктарскую дысертацыі, заняў пасаду прафесара кафедры, а пазней стаў яе загадчыкам.

Асноўныя напрамкі навуковай дзейнасці даследчыка - гісторыя беларускай літаратуры, узаемасувязь беларускай, украінскай і польскай літаратур, тэксталогія. Вячаслаў Рагойша даследуе паэтыку верша, пытанні тэорыі мастацкага перакладу, праблемы літаратурнага працэсу. На яго рахунку больш за 800 навуковых прац.

Экспазіцыя "Цудадзейнасць жывога слова" прадоўжыцца да 17 ліпеня ў зале беларускай літаратуры.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі