Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
17 чэрвеня 2019, 16:01

Экспазіцыя "Подзвіг у імя вызвалення" адкрыецца 20 чэрвеня ў музеі гісторыі ВАВ

17 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Адкрыццё часовай экспазіцыі "Подзвіг у імя вызвалення", прысвечанай 75-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, адбудзецца 20 чэрвеня ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў музеі.

У летапісе Вялікай Айчыннай вайны аперацыя "Баграціён" займае асобнае месца. Па смеласці задумы і дасканаласці падрыхтоўкі, па размаху і ваенна-палітычных выніках яна была найбольш выдатнай аперацыяй. Савецкія войскі разбілі больш як мільённую групоўку праціўніка, выгналі акупантаў з тэрыторыі краіны, вызвалілі частку Прыбалтыкі, Польшчы і падышлі да граніц Усходняй Прусіі. Разам з тым 75-годдзе вызвалення Беларусі супадае і з 75-годдзем высадкі саюзнікаў у Нармандыі, і адкрыццём другога фронту 6 чэрвеня 1944 года. Далейшыя наступальныя аперацыі прынеслі вызваленне Францыі, Бельгіі, Галандыі. Гітлераўская Германія апынулася ў цісках 2-х франтоў, і яе разгром быў ужо непазбежны.

Часовая экспазіцыя "Подзвіг у імя вызвалення" прадставіць больш за 80 арыгінальных прадметаў і каля 250 фотадакументальных матэрыялаў з фондаў музея, складзеных у адзінае апавяданне пра гэтыя падзеі і герояў. Тут будуць матэрыялы, звязаныя з імёнамі военачальнікаў і камандуючых франтамі: Іванам Баграмянам, Іванам Чарняхоўскім, Георгіем Захаравым, Канстанцінам Ракасоўскім, арміямі: Аляксандрам Гарбатавым, Іванам Болдзіным, Васілём Глаголевым, карпусамі: Барысам Бахаравым, Віктарам Абухавым, дывізіямі: Данілам Казакевічам, Васілём Кажанавым, Антонам Сліцам і іншымі злучэннямі, а таксама простых воінаў і партызан, якія здзейснілі на зямлі Беларусі нямала слаўных подзвігаў. "Напрыклад, у Сенненскім раёне змагаўся да апошняга і загінуў разам з устаноўкай баявы разлік "кацюшы" ў складзе камандзіра Цімафея Святлічнага, наводчыка Сяргея Барадуліна і вадзіцеля Паўла Назаранкі. У Полацку ёсць помнік 23 гвардзейцам. 22 з іх загінулі 3 ліпеня 1944 года ў баі за мост цераз Дзвіну. Пра гарачыя баі, што кіпелі ў мінскім "катле" 4-11 ліпеня 1944 года, раскажуць прадметы з калекцыі ваеннай археалогіі", - паведамілі ў музеі.

Адной з асаблівасцей аперацыі "Баграціён" стала ўзаемадзеянне рэгулярных войскаў з партызанскімі фарміраваннямі. Фатаграфіі і дакументы расказваюць аб тым, як партызаны праводзіі трэці этап аперацыі "Рэйкавая вайна", захоплівалі і ўтрымлівалі пераправы, плацдармы, апорныя пункты і вузлы абароны, удзельнічалі ў вызваленні гарадоў і населеных пунктаў краіны. Наведвальнікі ўбачаць аўтамат, фуражку, скураное паліто камандзіра Мінскага партызанскага злучэння Іосіфа Бельскага. Партызаны гэтага злучэння вызвалілі Старобін, Чырвоную Слабаду, Капыль, Узду, Рудзенск. 16 ліпеня 1944 года ў Мінску адбыўся парад партызан. Атмасферу свята, урачыстасці, усенароднай радасці перадаюць як дакументальныя здымкі, так і карціна мастака Яўгена Зайцава "Парад партызан у Мінску", напісаная ў 1947 годзе.

Работа часовай экспазіцыі "Подзвіг у імя вызвалення" прадоўжыцца ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны па 20 жніўня.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі