Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
05 мая 2022, 16:53

Экспазіцыя партызанскіх зямлянак, пісьмо ветэрану: ва Ушачах адкрылі абноўлены музей народнай славы

5 мая, Ушачы /Алеся Пушнякова - БЕЛТА/. Ва Ушачах пасля капрамонту і мадэрнізацыі 5 мая адкрылі будынак музея народнай славы імя Героя Савецкага Саюза Уладзіміра Елісеевіча Лабанка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Ушацкі музей народнай славы заснаваны ў 1968 годзе. Новы будынак, узведзены па спецыяльным праекце, аматары гісторыі наведалі 9 мая 1985 года. Афармленнем фасада будынка займаўся мастак Юрый Любімаў. Аўтарства афармлення вестыбюля належыць мастаку-манументалісту Уладзіміру Крываблоцкаму. На плошчы 320 кв.м размешчаны яго манументальны роспіс "У імя жыцця на зямлі", які складаецца з кампазіцый "Фашызму не прайсці", "Хлеб зямлі Ушаччыны", "Вызваленне", "Барацьба за жыццё" і "Крах фашызму". У 1999 годзе ўстанове культуры прысвоена імя легендарнага камандуючага партызанскім злучэннем Полацка-Лепельскай партызанскай зоны Героя Савецкага Саюза Уладзіміра Лабанка. На працягу апошніх трох гадоў праходзіў капітальны рамонт, і сёння, пасля складанай работы, музей гасцінна прыняў наведвальнікаў.

Ушацкі музей народнай славы па праву называюць сэрцам раёна. У ім размешчаны чатыры экспазіцыйныя залы, якія асвятляюць гісторыю партызанскага руху на Ушаччыне ў гады Вялікай Айчыннай вайны, партызанская карцінная галерэя і выставачная зала. У фондах установы культуры сабраны матэрыялы аб гістарычным мінулым раёна, рэвалюцыйных падзеях 1917 года, Грамадзянскай вайне, калектывізацыі, рэпрэсіях 1930-х гадоў, пачатку партызанскага руху ў краі і барацьбе партызан і насельніцтва Ушацкай партызанскай зоны з нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

Госці з іншых раёнаў і з Пскоўскай вобласці змаглі не толькі пабываць на экскурсіі, але і ўбачыць выставачную экспазіцыю партызанскіх зямлянак і партызанскага побыту, паўдзельнічаць у акцыі "Пісьмо ветэрану". А перад пачаткам цырымоніі адкрыцця ў будынку музея можна было наведаць выставу дзіцячых малюнкаў "Ваеннае дзяцінства".

"Мы вельмі рады бачыць, што вы так беражліва захоўваеце памяць аб ваенных подзвігах сваіх землякоў і перадаяце падрастаючаму пакаленню павагу да гісторыі роднай зямлі", - адзначыла першы намеснік губернатара Пскоўскай вобласці Вера Емяльянава, уручаючы падарункі ўстанове культуры.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі