
27 кастрычніка, Магілёў /Кар. БЕЛТА/. Экскурсіі і тэматычныя заняткі рыхтуе Магілёўскі абласны мастацкі музей імя П.В. Масленікава для школьнікаў і дашкалят падчас асенніх канікулаў. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ва ўстанове культуры.
Як адзначылі ў музеі, падчас асенніх канікулаў для маленькіх магіляўчан рыхтуюць цікавую і разнастайную праграму. Так, на інтэрактыўна-пазнавальным занятку "Што мы ведаем пра грошы?" дзецям прапануюць азнаёміцца з паняццем "грошы", раскажуць пра іх віды і гісторыю паходжання. Акрамя цікавых ведаў, дзеці на гэтым занятку змогуць атрымаць асновы фінансавай дасведчанасці.
На музейным занятку "Цікавы космас" вучням раскажуць пра бязмежныя прасторы Сусвету, зоркі і планеты. Арганізатары адзначылі, што праходзіць занятак будзе ў даступнай і займальнай форме: дзецям раскажуць пра першы палёт у космас, касмічныя ракеты, спадарожнікі і касманаўтаў.
Дзіцячы інтэрактыўны занятак "Зямля - наш агульны дом" будзе прысвечаны навакольнаму свету. Дзецям у даступным фармаце раскажуць пра асновы экалагічнай культуры, неабходнасць клапаціцца аб прыродзе і берагчы ўсё жывое.
Яшчэ адзін запланаваны інтэрактыў прапануе школьнікам акунуцца ў свет мастацтва. Дзяцей азнаёмяць з пэўным жанрам выяўленчага мастацтва і асноўнымі матэрыяламі і інструментамі, пры дапамозе якіх мастак стварае свае палотны.
Групы для ўдзелу ў занятках фарміруюцца ад 5 чалавек.
Даведкі і папярэдні запіс у будныя дні па тэлефоне: 8 (0222) 62-24-25.-0-