
14 лютага, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Эксклюзіўны музычны праект "Мужчынскае/жаночае" да Дня закаханых падрыхтавала Гомельская абласная філармонія, паведамілі БЕЛТА ў філармоніі.
Музычныя прызнанні ў каханні будуць гучаць сёння ў гарадскім цэнтры культуры. Эксклюзіўны музычны праект артысты эстрадна-сімфанічнага аркестра імя Юрыя Васілеўскага пад кіраўніцтвам Станіслава Шныра падрыхтавалі для паклоннікаў. "Свае пачуцці можна перадаць па-рознаму, і музыка - адзін з самых прыгожых спосабаў зрабіць гэта. Самыя цудоўныя музычныя гісторыі пра каханне і пачуцці паміж мужчынам і жанчынай будуць радаваць і натхняць, паглыбляць у роздумы і несці ўвысь. Многім прысутным у зале прадставіцца магчымасць выйсці на сцэну і здзівіць усіх гледачоў. А вось чым, даведаецеся на канцэрце", - расказалі ў філармоніі.
Гледачы змогуць паглыбіцца ў рамантычную атмасферу вечара, адчуць, што агульнага паміж мужчынам і жанчынай, у чым іх процілегласці. Прафесійныя музыканты раскажуць, што за сіла прымушае сэрцы людзей біцца ва ўнісон, здольна ажывіць, натхніць тых, хто ўжо безнадзейна расчараваны, і акрыліць тых, хто раней баяўся лётаць.
Арганізатары ўпэўнены: праграма "Мужчынскае/жаночае" сумнай быць не можа. Прадугледжаны свабодныя стасункі дырыжора з публікай. Да таго ж і свабодныя паводзіны гледачоў на сцэне ператвораць канцэрт у незвычайнае шоу. Пачатак у 18.30.-0-