Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
26 лютага 2021, 09:31

Дзікая прырода Беларусі ў аб'ектыве галандскага фатографа прадстаўлена на выставе ў Мінску

26 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Персанальная выстава галандскага фатографа Леанардзюса Бёйса "Скарбніца Беларусі" адкрылася ў мастацкай галерэі "Універсітэт культуры", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У экспазіцыю ўвайшлі фатаграфіі дзікай прыроды Беларусі. Фатограф падарожнічае па краіне ў пошуках цікавых здымкаў і падчас паездак знаёміцца з цікавымі мясцінамі і новымі людзьмі, за 8 месяцаў ён праехаў каля 14 тыс. км. У сваіх работах Леанардзюс Бёйс паказвае хараство беларускай прыроды, яе ўнікальнасць. Яго погляд на прывычныя для беларусаў краявіды дапамагае далучыцца да свету дзікай прыроды.

"Я рады, што так шмат людзей прыйшло, каб убачыць мае фатаграфіі. У Беларусі вельмі прыгожая прырода, але тут мне вельмі складана знайсці мясціны, дзе жывуць жывёлы і птушкі. У Галандыі гэта лёгка можна зрабіць праз інтэрнэт, а ў вашай краіне такога няма, таму пошукі становяцца цікавымі прыгодамі. Гэтыя фатаграфіі - толькі пачатак, я хачу рабіць здымкі яшчэ лепшымі, прыгажэйшымі, з незвычайнай атмасферай і святлом", - падзяліўся Леанардзюс Бёйс.

У жніўні мастацкая галерэя пачала цыкл выстаў, прысвечаных 60-годдзю народнага фотаклуба "Мінск". "Сёння мы адкрылі ўжо трэцюю экспазіцыю членаў фотаклуба. Гэта выстава выдатнага фатографа Леанардзюса Бёйса. На прадстаўленых здымках аўтара паказаны цікавы і своеасаблівы погляд на беларускую прыроду не беларуса. Не можа не радаваць, што наша прырода так захапляе іншаземцаў", - адзначылі арганізатары.

"Вельмі прыемна, што галерэя знайшла магчымасць прадставіць выставу. У верасні Леанардзюс Бёйс афіцыйна стаў членам нашага аб'яднання, і як вы бачыце, ён не проста ўступіў у клуб, але і ўзняў яго на новую ступень. Ён у Мінску пакуль адзіны бронзавы майстар Excellence FIAP. Гэта другая вышэйшая ступень у Міжнароднай федэрацыі фатаграфічнага мастацтва. Дарэчы, атрымліваў гэта званне ён ужо з фотаработамі беларускай прыроды", - падкрэсліў старшыня народнага фотаклуба "Мінск" Уладзімір Паўлаў.

Леанардзюс Бёйс - фатограф з дыпломам Міжнароднай федэрацыі фатаграфічнага мастацтва, родам з Нідэрландаў і яму 62 гады. Да пераезду ў Беларусь 5 гадоў быў старшынёй фотаклуба ў горадзе Эхт у Нідэрландах. Бёйс праводзіў майстар-класы, арганізоўваў пленэры, чытаў лекцыі і навучаў пачынаючых.

Азнаёміцца з работамі выставы можна да 9 сакавіка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі