Сцяг Серада, 24 ліпеня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
24 мая 2024, 12:24

Дзень славянскага пісьменства і культуры святкуецца ў Беларусі

Фота з архіва
Фота з архіва
24 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сёння ўсе славянскія народы, якія карыстаюцца кірылічным алфавітам, адзначаюць Дзень славянскага пісьменства. У Беларусі ён святкуецца з 1986 года і называецца Дзень славянскага пісьменства і культуры.

Дата 24 мая выбрана не выпадкова - у гэты дзень праваслаўная царква ўшаноўвае памяць роўнаапостальных Мяфодзія і Кірылы, асветнікаў і прапаведнікаў хрысціянства. Святыя Кірыла і Мяфодзій склалі славянскую азбуку, пераклалі з грэчаскай на славянскую мову некалькі богаслужэбных кніг, у тым ліку выбраныя чытанні з Евангелля, апостальскія пасланні і Псалтыр, што садзейнічала ўвядзенню і распаўсюджванню славянскага богаслужэння.

Браты Кірыла і Мяфодзій нарадзіліся ў Грэцыі ў сям'і высокапастаўленага ваеннага. Мяфодзій, старэйшы з сямі братоў, спачатку, як і бацька, быў на ваеннай службе, на працягу дзесяці гадоў кіраваў адной з падуладных Візантыі славяна-балгарскіх абласцей, а затым пастрыгся ў манахі.

Яго брат Канстанцін (у манастве Кірыла) атрымаў адукацыю пры двары імператара Міхаіла ў Канстанцінопалі і стаў выдатным філосафам. Ён прыняў сан свяшчэнніка і стаў бібліятэкарам патрыярха Фоція. Не раз Кірыла быў абаронцам праваслаўя ў спрэчках з ерэтыкамі і нявернымі. Яму прыпісваюць аўтарства другой славянскай азбукі - глаголіцы.

Кірылу было цяжка жыць у сталічным горадзе і ў хуткім часе ён перабраўся ў манастыр да старэйшага брата Мяфодзія. У манастыры было шмат манахаў-славян, размаўляючы з імі, браты вывучылі славянскую мову.

Па запрашэнні князя Расціслава Кірыла і Мяфодзій у 863 годзе прыбылі ў Вялікую Маравію з рэлігійна-асветнай місіяй - прапаведаваць хрысціянства. Вялікая Маравія, якая ўключала ў той час асобныя вобласці сучаснай Чэхіі, Славакіі, Аўстрыі, Венгрыі, Румыніі і Польшчы, ужо была хрысціянскай. Але асвета ў ёй была ў руках нямецкага духавенства і ўсё богаслужэнне, свяшчэнныя кнігі і багаслоўе былі лацінскія, для славян незразумелыя.

Браты прыбылі ў Маравію са створанай імі славянскай азбукай і ўласнымі перакладамі рэлігійных кніг на славянскую мову. На працягу трох гадоў яны прапаведавалі новую веру, навучалі народ славянскай грамаце, адкрывалі храмы. З таго часу для славян настала новае жыццё, з'явілася магчымасць самабытнага духоўнага развіцця пад дабратворным дзеяннем пропаведзі і богаслужэння на роднай славянскай мове. Кірыла і Мяфодзій фактычна сталі стваральнікамі літаратурнай мовы, зразумелай тады ўсім славянам.

Пасля смерці Кірылы Мяфодзій быў пасвячоны ў епіскапы і прадаўжаў прапаведніцкую і асветную дзейнасць. Ім быў ажыццёўлены поўны пераклад усіх біблейскіх кніг на славянскую мову.

Дзейнасць святых братоў атрымала шырокі рэзананс на тэрыторыі Славіі. Іх вучні завяршылі пачаты Кірылам і Мяфодзіем пераклад Святога Пісання і многіх богаслужэбных кніг з грэчаскай на стараславянскую мову. Вучнямі Кірылы і Мяфодзія напісаны жыціі святых братоў, якія былі вельмі папулярнымі і ва ўсходніх славян. Кірыла і Мяфодзій узведзены ў ранг святых каталіцкай і праваслаўнай цэрквамі.

Рукапісныя кнігі Беларусі


З'яўленне рукапісных кніг на беларускіх землях звязана з распаўсюджваннем хрысціянства. Па сваім прызначэнні старажытныя рукапісныя кнігі падзяляліся на богаслужэбныя і чэцці - для чытання.

У Беларусі пры многіх храмах і манастырах былі бібліятэкі, дзейнічалі майстэрні па перапісцы кніг. Цэнтрам масавага стварэння рукапісных кніг на беларускіх землях былі мітрапаліцкія скрыпторыі ў Вільні і Навагрудку, майстэрні віцебскага Маркавага манастыра, супрасльскага Дабравешчанскага, пінскага Лешчанскага, Жыровіцкага Успенскага манастыроў, скрыпторый Солтанаў у маёнтку каля Вільні, руская канцылярыя Вялікага Княства Літоўскага. Шматвяковыя традыцыі перапісу кніг былі пры многіх полацкіх, смаленскіх і віленскіх цэрквах.

Для напісання старажытных славянскіх рукапісных кніг выкарыстоўваліся абедзве славянскія азбукі - кірыліца і глаголіца. Аднак паступова вядучыя пазіцыі заняла кірылічная рукапісная кніга.

Старажытныя рукапісы часта змянялі сваё першапачатковае месцазнаходжанне: некаторыя кнігі ствараліся на заказ, іх як найвялікшую каштоўнасць перадавалі з аднаго манастыра або царквы ў іншыя, ахвяравалі або завяшчалі ў спадчыну. Таму цяпер часта няпроста ўстанавіць месца стварэння многіх рукапісных кніг. На аснове параўнання некаторых асаблівасцей тэхнікі стварэння і ўпрыгожвання з высокай ступенню верагоднасці да кніг, якія з'явіліся на старажытнабеларускіх землях, адносяць Тураўскае Евангелле (XI ст.), Полацкае Евангелле (XII ст.), Аршанскае Евангелле (XIII ст.), Лаўрышаўскае Евангелле, Мсціжскае Евангелле, Анежскі (Мсціслаўскі) Псалтыр (усе XIII-XIV ст.). Важнымі помнікамі мастацкага афармлення беларускіх рукапісных кніг таксама з'яўляюцца Радзівілаўскі летапіс (XV ст.), Дзесятаглаў, Ваўкавыскае Евангелле, Сапегаўскае Евангелле (усе XVI ст.). У гэтым радзе і рукапісныя кнігі, якія змяшчаюць у сабе богаслужэбныя тэксты, прызначаныя для спеваў - ірмалогіі. Адны з самых каштоўных рукапісных помнікаў старажытнарускага пеўчага мастацтва - Супрасльскі Ірмалогій (XVII ст.) і Давыдкаўскі Ірмалогій (XVIII ст.).

У Вялікім Княстве Літоўскім рукапісныя кнігі існавалі да XVIII стагоддзя. У Беларусі ў асяроддзі старавераў яны выкарыстоўваліся аж да ХХ стагоддзя.

Цэнтрамі збору і вывучэння беларускіх рукапісных кніг у XIX - пачатку XX стагоддзя былі Віленская публічная бібліятэка і Беларускі музей у Вільні, калекцыі якіх цяпер знаходзяцца ў Бібліятэцы Акадэміі навук Літвы. Найбольшая колькасць беларускіх рукапісных кніг захоўваецца ў Расійскай нацыянальнай бібліятэцы ў Санкт-Пецярбургу і Расійскай дзяржаўнай бібліятэцы ў Маскве, Расійскім дзяржаўным архіве старажытных актаў, бібліятэках Расійскай АН у Санкт-Пецярбургу, Украінскай АН у Кіеве, Львоўскага ўніверсітэта, Ягелонскага ўніверсітэта ў Кракаве, Нацыянальнай бібліятэцы Польшчы і інш.

Пасля нямецка-фашысцкай акупацыі ў Беларусі засталася невялікая колькасць рукапісных кніг. Знаходзяцца яны ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Рэспублікі Беларусь.

Першыя друкаваныя кнігі Беларусі

Еўрапейскія друкаваныя кнігі сталі вядомы на тэрыторыі Беларусі ў канцы XV - пачатку XVI стагоддзя. З'явіліся яны тут у першую чаргу дзякуючы студэнцкай моладзі, якая навучалася ў еўрапейскіх універсітэтах, а таксама дзякуючы гандлёвым сувязям Вялікага Княства Літоўскага з Захадам.

Першыя кнігі шрыфтам славянскага тыпу былі надрукаваны ў Кракаве: на глаголіцы ў 1483 годзе, на кірыліцы - у 1491.

Беларускае кнігадрукаванне з'явілася ў першай чвэрці XVI стагоддзя і звязана з дзейнасцю Францыска Скарыны. Недзе паміж 1512 і 1517 гадамі Скарына прыехаў у Прагу, дзе заказаў друкарскае абсталяванне і пачаў перакладаць кнігі БіблііІ, пісаць да іх каментарыі. Першая яго кніга - "Псалтыр" - выйшла ў свет 6 жніўня 1517 года. За няпоўныя тры гады Францыск Скарына пераклаў, пракаменціраваў і падрыхтаваў да друку больш за 20 кніг Бібліі, кожная з якіх пачыналася прадмовай і заканчвалася пасляслоўем.

У 1520 (1521) годзе Скарына пакінуў Прагу і пераехаў у Вільню. У 1522 годзе першай на радзіме з друку выйшла ў свет "Малая падарожная кніжка" - зборнік рэлігійных і свецкіх твораў ад "Псалтыры" да "Саборніка". У кнізе былі абазначаны веснавое і асенняе раўнадзенства, зімовае і летняе сонцастаянне, падлічаны велікодныя святы, даты зацьмення сонца і месяца. Кніга была адрасавана як людзям духоўнага звання, так і людзям свецкім, якія па характары сваіх заняткаў павінны былі часта падарожнічаць. У далейшым Францыск Скарына выдаў яшчэ некалькі кніг.

Азнаёміцца з гісторыяй узнікнення і развіцця пісьменства, кнігадрукавання і пісьменніцкай дзейнасці ў Беларусі, убачыць старадаўнія рукапісы, старадрукаваныя выданні і рэдкія кнігі, якія сталі сусветнай спадчынай, можна ў Музеі кнігі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі і Полацкім музеі беларускага кнігадрукавання.

ХХХ Міжнародныя Кірыла-Мяфодзіеўскія чытанні

Штогод у Мінску праводзяцца Міжнародныя Кірыла-Мяфодзіеўскія чытанні. У бягучым годзе яны прайшлі напярэдадні Дня славянскага пісьменства і культуры (16-17 мая). У 2024 годзе спаўняецца 30 гадоў з моманту падпісання першай у Рэспубліцы Беларусь Праграмы супрацоўніцтва паміж Міністэрствам адукацыі і Беларускай праваслаўнай царквой (1994), 20-годдзе Інстытута тэалогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, а таксама 20-годдзе Каардынацыйнага савета па бібліятэчнай дзейнасці пры Сінадальным аддзеле рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Беларускай праваслаўнай царквы (2004). У сувязі з гэтым асаблівая ўвага ў рабоце юбілейных чытанняў на тэму "Духоўная і свецкая адукацыя: гісторыя і перспектывы ўзаемадзеяння" было ўдзелена станаўленню і развіццю духоўнай адукацыі на постсавецкай прасторы, а таксама ўзаемадзеянню сістэм свецкай і духоўнай адукацыі ў сучасным грамадстве.

Да ўдзелу ў чытаннях былі запрошаны прадстаўнікі навуковай і культурнай грамадскасці, кіраўнікі адукацыйных устаноў, выкладчыкі, аспіранты і студэнты дзяржаўных і царкоўных устаноў адукацыі, прадстаўнікі духавенства. На канферэнцыю прыехалі ўдзельнікі з Расіі, Азербайджана, Лівана, Палесціны і Польшчы. У адкрыцці прынялі ўдзел 140 чалавек.

Арганізатарамі чытанняў выступіла Міжнароднае грамадскае аб'яднанне "Хрысціянскі адукацыйны цэнтр імя святых Мяфодзія і Кірылы" сумесна з Інстытутам тэалогіі імя святых Мяфодзія і Кірылы БДУ і зацікаўленымі ўстановамі адукацыі.

У рамках ХХХ Міжнародных Кірыла-Мяфодзіеўскіх чытанняў адбылася выстава амафору першага Мінскага архіепіскапа Віктара (Садкоўскага), вытканага ў 1785 годзе. Гэта стала важнай падзеяй, якая прыцягвала ўвагу ўдзельнікаў чытанняў і гасцей канферэнцыі да малавядомых фактаў гісторыі Беларускай праваслаўнай царквы.

Штогадовыя Кірыла-Мяфодзіеўскія чытанні з'яўляюцца форумам, які ўжо на працягу 30 гадоў аб'ядноўвае спецыялістаў і вучоных з краін блізкага і далёкага замежжа, што працуюць у галіне багаслоўя, гісторыі, філасофіі, культуралогіі і рэлігіязнаўства. Гэта ўнікальная пляцоўка для абмеркавання навуковых прац, даследаванняў у сферы гуманітарных ведаў, абмеркавання праблем міжкультурнага і міжканфесійнага дыялогу, хрысціянскай духоўнасці і яе значэння для сучаснага свету. Пачыналася гэта мерапрыемства з маленькай студэнцкай канферэнцыі, у якой прымалі ўдзел толькі сем студэнтаў, але разам з імі быў і кіраўнік Беларускай праваслаўнай царквы.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі