Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
30 жніўня 2022, 09:49

Дзень беларускага пісьменства адзначаць у бібліятэках Магілёва

30 жніўня, Магілёў /Кар. БЕЛТА/. Дзень беларускага пісьменства адзначаць у бібліятэках Магілёва. Тэматычныя мерапрыемствы будуць праходзіць з 2 па 4 верасня. Аб гэтым БЕЛТА расказалі ў Цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя К.Маркса.

"У гэтыя дні будуць арганізаваны тэматычныя пляцоўкі, выстаўкі і дэманстрацыя літаратуры. Прадуманы і актыўнасці: гульні, конкурсы і шмат іншых цікавых мерапрыемстваў, прысвечаных святу роднага слова", - адзначылі арганізатары.

Адкрыюць тэматычныя дні ў бібліятэцы імя К.Маркса 2 верасня. Тут пройдзе прэзентацыя інтэрактыўнай выстаўкі ў вокнах "Падарожжа да вытокаў", якая прысвечана 140-годдзю з дня нараджэння Я.Купалы і Я.Коласа. Цыкл мерапрыемстваў у гэты ж дзень пачнецца і ў дзіцячай бібліятэцы-філіяле нумар 9. Тут з 2 па 4 верасня будзе праходзіць культуралагічная акцыя "З вытокаў роднай мовы".

Прадоўжыцца святкаванне 4 верасня ў бібліятэцы-філіяле нумар 6, дзе будзе арганізавана інтэрактыўная пляцоўка "Беларускі хутарок", а ў дзіцячай бібліятэцы-філіяле нумар 2 адбудзецца інтэлектуальная гульня для знатакоў беларускай мовы.

Як адзначылі арганізатары, тэматычныя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню пісьменства, будуць праходзіць і ў сацыяльных сетках: web-гульні па-беларуску, пазнавальныя відэаагляды і інфагіды. Так, дзіцячая бібліятэка-філіял нумар 9 запрашае ўсіх аматараў гульняў 3 верасня на web-квест "Дзень беларускага пісьменства", які пройдзе на сайце ўстановы культуры. На наступны дзень, 4 верасня, кожны жадаючы зможа стаць удзельнікам слоўнікавага анлайн-марафону "Роднае слова" ў Instagram-акаўнце ўстановы, праверыць свае веды беларускай гісторыі прапануе бібліятэка-філіял нумар 2 імя І.Шамякіна з дапамогай QR-квеста "Славутыя імёны Беларусі" ў сваім афіцыйным Instagram-акаўнце.

Як падкрэслілі ў Цэнтральнай гарадской бібліятэцы, у гэтыя дні кожны наведвальнік і чытач зможа знайсці сабе занятак даспадобы.

З больш поўнай праграмай мерапрыемстваў можна азнаёміцца на афіцыйным сайце Цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя К.Маркса.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі