Сцяг Аўторак, 16 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
03 верасня 2021, 11:20

Дзень беларускага пісьменства адсвяткуюць у бібліятэках Магілёва

3 верасня, Магілёў /Кар. БЕЛТА/. Дзень беларускага пісьменства адсвяткуюць у бібліятэках Магілёва. Тэматычныя мерапрыемствы будуць праходзіць з 3 па 5 верасня. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла загадчыца аддзела бібліятэчнага маркетынгу Цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя К.Маркса Алена Шэпелева.

"Цэнтралізаваная сістэма дзяржаўных публічных бібліятэк Магілёва падрыхтавала для жыхароў і гасцей горада фолк-акцыю "Ведай нашых", якая прымеркавана да Дня беларускага пісьменства. Мерапрыемствы будуць праходзіць як у саміх бібліятэках, так і на афіцыйных старонках бібліятэк-філіялаў у сацыяльных сетках. Такі фармат дасць магчымасць кожнаму чалавеку стаць удзельнікам свята. На працягу некалькіх дзён у нас будуць працаваць тэматычныя пляцоўкі, пройдуць выставы, гульні, конкурсы", - падкрэсліла Алена Шэпелева.

Бібліятэка-філіял нумар 6 (пр.Шміта, 28) чакае ўсіх на адкрытай пляцоўцы "Мода на беларускае", а ў дзіцячай бібліятэцы-філіяле нумар 2 (вул. Цыялкоўскага, 10) пройдзе інтэлектуальны бой "Вытокі роднай мовы". У цэнтральнай гарадской бібліятэцы прэзентуюць аўдыябук "Віталь Вольскі. Навальніца". "Тым, хто далучыцца да нас у віртуальнай прасторы, будуць даступны вэб-гульні па-беларуску, пазнавальныя відэаўрокі і інфагіды", - расказала загадчык аддзела.

Кожны жадаючы зможа далучыцца да інтэрнэт-квеста "Грамацей" на сайце дзіцячай бібліятэкі-філіяла нумар 9 (db9.mogilev.by). Праверыць сваё веданне беларускай мовы можна будзе з дапамогай анлайн-краcворда ў Instagram-акаўнце @mgbf2 бібліятэкі-філіяла нумар 2 імя І.Шамякіна. Бібліятэка-філіял нумар 9 імя Я.Купалы запрашае на анлайн-чэлендж "Я чытаю Купалу" (Instagram-акаўнт @9_izmerenie). Адным з яркіх мерапрыемстваў стане прэзентацыя патрыятычнага праекта "Бібліятэчны трыб'ют" у Instagram-акаўнце @public_libraries_mogilev.

Больш падрабязная праграма мерапрыемстваў апублікавана на сайце Цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя К.Маркса.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі