Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
13 студзеня 2020, 13:57

Дыск да 100-годдзя Мечыслава Вайнберга ў выкананні аркестра Расціслава Крымера высока ацэнены ў Еўропе

13 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дыск да 100-годдзя з дня нараджэння Мечыслава Вайнберга ў выкананні Міжнароднага камернага аркестра East-West Chamber Orchestra пад кіраўніцтвам Расціслава Крымера высока ацэнены ў Еўропе. Рэцэнзія выйшла ў студзеньскім нумары вядомага англійскага штомесячнага часопіса аб класічнай музыцы Gramophone, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў калектыве.

На думку гэтага аўтарытэтнага выдання, выкананне камерных сімфоній вялікага Вайнберга не ўступае ў пераканаўчасці ўладальніку прэстыжнай музычнай прэміі "Грэмі" камернаму ансамблю "Крэмерата Балтыка" пад кіраўніцтвам Гідона Крэмера. "Gramophone - гэта, бадай што, самае вядомае экспертнае выданне аб культуры ў свеце, - адзначыў Расціслаў Крымер. - Нам прыемна, што такія эксперты ў свеце музыкі высока ацанілі наша выкананне. Для мяне таксама вельмі важна, што ўпершыню дзякуючы дыску ў розных краінах свету згадваецца Беларусь і Мінск у жыцці кампазітара. Бо менавіта Мінск фактычна стаў у 1939 годзе для кампазітара прыстанішчам у час халакосту".

Дыск да 100-годдзя Мечыслава Вайнберга быў выдадзены ў мінулым годзе гуказапіснай кампаніяй Naxos. Яго прэзентацыя адбылася ў час XIV Міжнароднага фестывалю Юрыя Башмета. У рабоце над дыскам прынялі ўдзел лепшыя музыканты з розных краін свету. Акрамя таго, камерная сімфонія нумар 1 Вайнберга першапачаткова ў выглядзе квартэта была напісана ў беларускай сталіцы і ўпершыню ў гісторыі аркестрам Крымера запісана там, дзе была створана.

Раней дыск быў намініраваны на прэстыжную музычную прэмію International Classical Music Award у раздзеле сімфанічная музыка нараўне з Берлінскім філарманічным аркестрам пад кіраўніцтвам Кірыла Пятрэнкі, аркестрам Танхале Цюрыха пад кіраўніцтвам Паава Ярві.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі