Сцяг Серада, 19 чэрвеня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
27 сакавіка 2024, 16:26

Дулава: сёння сфера культуры мае непасрэдныя адносіны да нацыянальнай бяспекі

Фота з архіва
Фота з архіва
27 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сёння сфера культуры мае непасрэдныя адносіны да нацыянальнай бяспекі. Такім меркаваннем у час прэс-канферэнцыі падзялілася генеральны дырэктар Вялікага тэатра Беларусі Кацярына Дулава, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Канцэпцыя развіцця нацыянальнай культурнай прасторы рэалізуе навацыі, якія з'явіліся ў нашай Канстытуцыі. Як мы бачым, сёння сфера культуры мае непасрэдныя адносіны да нацыянальнай бяспекі, таму што тыя падыходы, якія прапануецца рэалізаваць у нашай краіне, звязаны непасрэдна з вельмі магутнай ахавальнай тэндэнцыяй", - сказала Кацярына Дулава.

Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення - начальнік упраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў Міністэрства культуры Іна Адамовіч адзначыла, што канцэпцыя развіцця нацыянальнай культурнай прасторы на 2024-2026 гады накіравана на захаванне гістарычнай памяці і нацыянальна-культурнай самабытнасці беларускага народа, рэалізацыю творчага патэнцыялу нашай нацыі, актыўнае уключэнне грамадзян у культурнае жыццё краіны, далучэнне нашага насельніцтва да лепшых узораў сусветнай культуры, якія маюць важнае сацыяльна-культурнае значэнне і высокамаральны характар. Пры гэтым Беларусь захоўвае культурную разнастайнасць і адкрытасць да вынікаў творчай дзейнасці іншых народаў.

Паводле слоў Іны Адамовіч, канцэпцыя актуальная, таму што сёння неабходна захаваць адзінства беларускага народа і забяспечыць далейшую кансалідацыю грамадства, а таксама ўмацаваць незалежную беларускую дзяржаву і прадоўжыць фарміраваць нацыянальны чалавечы капітал.

"Падтрымка развіцця нацыянальнай мастацкай культуры і мастацтва з'яўляецца адным з напрамкаў развіцця канцэпцыі і ўключае ў сябе падрыхтоўку календара культурных мерапрыемстваў, якія прапануюцца для наведвання беларускім і замежным турыстам. Каляндар размешчаны на сайце Міністэрства культуры. Кожны грамадзянін Беларусі і замежны госць можа азнаёміцца з ім і знайсці мерапрыемства даспадобы. Там пазначаны даты правядзення мерапрыемстваў, іх прыкладная накіраванасць, арганізатары і нават канцэпцыя", - дадала Іна Адамовіч.

Яна падкрэсліла, што ў план таксама ўваходзіць падрыхтоўка календара мерапрыемстваў выхаднога дня з мая па верасень з арганізацыяй выступлення беларускіх выканаўцаў у парках, скверах, зялёных зонах, падрыхтоўка календара значных падзей у духоўным жыцці беларускага народа пры садзейнічанні Беларускай праваслаўнай царквы, правядзенне дзён культуры Беларусі за мяжой, а таксама правядзенне розных абменных гастроляў і канцэртаў. Акрамя таго, трэба забяспечыць паказ фільмаў беларускай вытворчасці. Іх удзельная вага павінна складаць не менш за 10 працэнтаў ад агульнай колькасці кінасеансаў у год у рэпертуары кінапракатных арганізацый. Таксама прадугледжваецца арганізацыя ў час кінафестываляў конкурсных праграм фільмаў, створаных дзецьмі і моладдзю, дапаўненне тэатральна-відовішчнага рэпертуару прэм'ернымі пастаноўкамі паводле твораў беларускіх аўтараў.

Ва ўстановах і арганізацыях культуры будзе пашырацца практыка святкавання народных і сучасных грамадзянскіх свят, памятных дат, выкарыстанне мясцовых традыцый, адмова ад свят, навязаных звонку. Гэта прадугледжвае стварэнне ўмоў для выяўлення і развіцця творчых здольнасцей дзяцей і моладзі ва ўсіх відах мастацтва на рэспубліканскім і рэгіянальным узроўні, прыцягненне моладзі да ўдзелу ў розных фестывалях.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі