Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
05 ліпеня 2022, 10:23

Дрыга расказала, чым кіруюцца пры падборы артыстаў на канцэрты

5 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Начальнік галоўнага ўпраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў і прафесійнага мастацтва Міністэрства культуры Ірына Дрыга ў эфіры праграмы "Па сутнасці" на тэлеканале СТБ расказала, чым кіруюцца пры падборы артыстаў на канцэрты, паведамляе БЕЛТА.

"З пункту гледжання таго, калі гэта вялікія мерапрыемствы, вялікія канцэрты, як, напрыклад, адкрыццё і закрыццё "Славянскага базару", нейкія вакальныя праекты, каб яны перш за ўсё прыносілі радасць і задавальненне гледачам, каб прэзентавалі беларускую культуру не толькі ў сэнсе ўдзелу беларускіх артыстаў, але і Беларусь як краіну, дзе весела і цікава можна праводзіць час", - сказала Ірына Дрыга.

Яна растлумачыла, што перад любым праектам праводзіцца конкурс, выбіраецца рэжысёрска-пастановачная група, якая потым фарміруе праграму мерапрыемства і падбірае артыстаў. "Кожны канцэрт - гэта не проста зборка артыстаў, гэта заўсёды шоу з тэмай, ідэяй, сюжэтам і развіццём. Так было і на "Славянскім базары", так было і на "Александрыі", - дадала яна.

Ірына Дрыга заўважыла, што заўсёды працуе вялікая каманда, зацікаўленая ў тым, каб кожны новы фестываль быў ярчэйшы, цікавейшы за папярэдні.

"Камерцыйны складнік, вядома, ніхто не адмяняў. "Славянскі базар" - гэта фестываль, які існуе ў асноўным за кошт даходаў ад рэалізацыі білетаў і спонсарскай дапамогі. Але стараемся знайсці баланс паміж камерцыяй і творчасцю і мастацтвам. Таму што "Славянскі базар" - гэта візітная картка Беларусі, адзін з духоўных брэндаў суверэннай Беларусі. Тавар, зразумела, трэба паказваць лепшым бокам. Міністэрства культуры зацікаўлена, каб у знакавых мерапрыемствах - адкрыцці і закрыцці фестывалю - удзельнічалі беларускія артысты са сваімі новымі песнямі або з вядомымі хітамі ў новым выкананні, каб з мэтрамі на сцэну выходзіла творчая моладзь", - сказала начальнік галоўнага ўпраўлення.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі