Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
22 красавіка 2021, 13:28

Другі этап продажу білетаў на "Славянскі базар" стартуе 23 красавіка

22 красавіка, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. Другі этап продажу білетаў на "Славянскі базар" стартуе 23 красавіка і прадставіць праграмы ў канцэртнай зале "Віцебск", а таксама традыцыйныя праекты форуму "Тэатральныя сустрэчы", "Фестываль без межаў" і "Лялечны квартал". Аб гэтым паведамляе БЕЛТА са спасылкай на сайт фестывалю.

Праекты ў канцэртнай зале "Віцебск" парадуюць у гэтым годзе сваёй каларытнасцю. Асноўнай падзеяй стане XIX Міжнародны дзіцячы музычны конкурс "Віцебск". Сольныя праграмы прадставяць арт-група "Хор Турэцкага", Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга, Дзяржаўны акадэмічны ансамбль танца Кабардзіна-Балкарскай рэспублікі "Кабардзінка", спявак Яраслаў Сумішэўскі і музыкант, спявак, кампазітар Мікалай Наскоў. На суткі сцэна канцэртнай залы стане роднай для ўдзельнікаў III Міжнароднага танцавальнага праекта Dream Dance Fest.

"Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа рыхтуецца сустракаць пастаноўкі заслужанага калектыву Беларусі Тэатра-студыі кінаакцёра УП "Нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм", незалежнага тэатральнага праекта "ТрыТфармаТ" (Беларусь), Смаленскага драматычнага тэатра імя А.С. Грыбаедава, Маскоўскага тэатра на Паўднёвым Захадзе. Кожная пастаноўка знойдзе свайго гледача, будзе гэта авантурная камедыя паводле п'есы французскага аўтара або ж класічная трагікамедыя без арыенціраў на эпоху", - адзначылі ў дырэкцыі форуму.

Беларускі тэатр "Лялька" прадставіць на сваёй сцэне творы для самых маленькіх гледачоў і іх бацькоў у праекце "Лялечны квартал". Акрамя гаспадароў пляцоўкі, чакаюцца спектаклі тэатра лялек "Бадзяжны сабачка" (Санкт-Пецярбург), Пензенскага абласнога тэатра "Лялечны дом", Маскоўскага тэатра лялек, Мыцішчанскага тэатра лялек "Крэсіва" імя С.Ф. Жалезкіна (Мыцішчы, Расія), Арэнбургскага тэатра лялек "П'еро" (Расія) і Вінніцкага акадэмічнага абласнога тэатра лялек (Украіна). Таксама стала вядома першая праграма праекта "Фестываль без межаў" у Віцебскай абласной філармоніі - гэта "Энергія джаза" з Леанідам Пташкам і іншымі.

Білеты на праекты ў канцэртнай зале "Віцебск", Коласаўскім тэатры, Беларускім тэатры "Лялька" і абласной філармоніі паступяць у продаж 23 красавіка ў касы Віцебска і 26 красавіка - ва ўсім свеце. Дарэчы, калі мінімальная цана на білет у Летні амфітэатр складае Br25, то на іншыя пляцоўкі - Br8.

Жадаючыя могуць набыць падарачныя сертыфікаты на мерапрыемствы "Славянскага базару". З 23 красавіка па 21 мая дырэкцыя фестывалю запускае акцыю для юрыдычных асоб: пры адначасовай куплі звыш 50 білетаў на праекты ў Летнім амфітэатры дзейнічае прагрэсіўная скідка 5-10-15 працэнтаў.

XXX Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" пройдзе з 14 па 19 ліпеня. Акрамя праектаў, білеты на якія паступілі ў продаж, у праграме ёсць і іншыя. Сярод іх выставачная праграма, фэст вулічнага мастацтва "На сямі вятрах", дзень моладзі на плошчы Перамогі, свята харавой музыкі "Славянскі благавест", праекты для сямейнага адпачынку ў комплексе культурна-масавага адпачынку імя Савецкай Арміі (парк "Мазурына").-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі