
13 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дні культуры Рэспублікі Татарстан РФ у Беларусі адкрыў спектакль паводле п'есы М.В. Гогаля "Рэвізор" Казанскага акадэмічнага рускага Вялікага драматычнага тэатра імя В.І. Качалава на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Урачыстае адкрыццё наведалі высокія госці, у тым ліку намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Ігар Луцкі.
Як адзначыў у прывітальным слове міністр культуры Беларусі Анатоль Маркевіч, традыцыя правядзення дзён культуры закладзена ў 2018 годзе, калі ў Вялікай зале Белдзяржфілармоніі прайшоў гала-канцэрт майстроў мастацтваў Татарстана. "Культурныя абмены вельмі трывала ўвайшлі ў наша творчае жыццё. Мы добра памятаем сардэчны прыём беларускай дэлегацыі на багатай зямлі Татарстана. Тады, у 2022 годзе, беларускія артысты паспяхова выступілі ў Казані ў Іашкар-Але", - сказаў ён.



Паводле слоў міністра, ініцыятыва культурнага супрацоўніцтва, правядзення мастацкіх выстаў, тэатральных спектакляў, канцэртных праграм належыць дзвюм краінам. Ён упэўнены, што сёння ў няпростым турбулентным свеце культурны дыялог набывае асаблівае значэнне. "Культура - гэта фундамент, аснова, скарбніца нашых народаў, якая захоўвае гістарычную праўду", - адзначыў Анатоль Маркевіч.



Ён таксама падкрэсліў, што беларусы ганарацца подзвігам савецкага салдата, які вызваляў Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Народ Татарстана праявіў нязломную мужнасць, адвагу і гераізм. У баях за Беларусь загінулі больш як 11 тыс. татарстанцаў, 27 ураджэнцаў Татарстана ўдастоены самага высокага звання - Герой Савецкага Саюза. "Мы нізка схіляем галовы перад памяццю загінулых і гаворым словы ўдзячнасці ветэранам, якія цяпер жывуць, за Вялікую Перамогу", - дадаў міністр.
Анатоль Маркевіч выказаў упэўненасць, што наперадзе ў культурнага супрацоўніцтва Беларусі і Татарстана новыя гарызонты і трэба шмат што зрабіць для агульнай карысці двух народаў.-0-



Фота Максіма Гучака