Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
07 чэрвеня 2022, 17:28

Дні беларускага кіно адкрыліся ў Расіі

6 чэрвеня, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Дні беларускага кіно ў Расіі адкрыліся сёння ў Маскве ў Цэнтральным доме кінематаграфістаў у рамках Дзён культуры Беларусі ў РФ, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы сабраліся не проста як партнёры, а як сябры, сваякі, - сказаў на ўрачыстай цырымоніі генеральны дырэктар кінастудыі "Беларусьфільм" Уладзімір Карачэўскі. - Дні кіно - гэта проста акцыя, таму што беларускія фільмы заўсёды прысутнічаюць на расійскіх тэлеканалах і інтэрнэт-пляцоўках. Расійскія акцёры пастаянна здымаюцца ў Мінску, а беларускія акцёры - у Расіі. Вось і сёння прадставім беларуска-расійскую стужку рэжысёра Дзмітрыя Астрахана "Лёс дыверсанта" аб подзвігу беларускіх падпольшчыкаў і партызан, якія гераічна змагаліся з нямецкімі акупантамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны".

Са шчырым захапленнем і зайздрасцю адазвалася аб кінастудыі "Беларусьфільм" першы намеснік старшыні Саюза кінематаграфістаў Расіі Ларыса Саланіцына. Паводле яе слоў, беларуская кінастудыя здолела захаваць кінавытворчасць у трох напрамках - мастацкае, дакументальнае і анімацыйнае кіно, чаго ўжо даўно няма ні на адной расійскай кінастудыі. "Нам трэба часцей сустракацца, паказваць новае беларускае кіно ў Расіі і работы маладых расійскіх кінематаграфістаў у Беларусі", - заклікала Ларыса Саланіцына.

Афіша Дзён кіно ўключае работы беларускіх кінематаграфістаў самых розных жанраў і напрамкаў: класіку, новыя работы, дакументальныя і анімацыйныя стужкі. Паказы пачаліся яшчэ да афіцыйнай цырымоніі, 6 чэрвеня, дэманстрацыяй дзвюх дакументальных стужак рэжысёра Яўгена Сяцько. Фільм "Перазвон" створаны на аснове хранікальных матэрыялаў і дакументальных фільмаў Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" розных гадоў і прысвечаны спаленым фашыстамі ў час Вялікай Айчыннай вайны беларускім вёскам. Другая стужка - "Уновіс" - расказвае аб мастацкім жыцці Віцебска ў пачатку дваццатых гадоў мінулага стагоддзя і стварэнні творчага аб'яднання "Сцвярджальнікі новага мастацтва".

Сёння акрамя беларуска-расійскай стужкі "Лёс дыверсанта" гледачам прадставяць адрэстаўрыраваную версію карціны "Я родам з дзяцінства" класіка беларускага кінематографа Віктара Турава і сучасную мастацкую кінастужку "Не гульня" рэжысёра Дзяніса Скварцова.

8 чэрвеня праграму Дзён беларускага кіно прадоўжыць кінаальманах "Вайна. Застацца чалавекам" - зборнік дэбютных работ беларускіх рэжысёраў-пастаноўшчыкаў, які складаецца з чатырох навел аб вайне. Альманах "Вайна. Застацца чалавекам" - гэта чатыры гісторыі, дзе аўтары пераасэнсоўваюць пытанні маральнага выбару чалавека.

Затым пакажуць мастацкі фільм Вячаслава Нікіфірава "Тум пабі дум". Завершыць праграму дэманстрацыя беларускіх анімацыйных фільмаў: "Зоркі 7-га неба" Алены Туравай, "Тошка і яго сябры. Ёсць кантакт" Аляксандра Ленкіна, "Лыжка для салдата" і "263 ночы" Ірыны Тарасавай, "Баявая машына" Наталлі Касцючэнка.

Усе паказы ў рамках Дзён беларускага кіно для гледачоў бясплатныя. Мерапрыемства арганізавана Міністэрствам культуры Беларусі, Міністэрствам культуры РФ, пасольствам Беларусі ў Расіі, Саюзам кінематаграфістаў Расіі і Цэнтральным домам кінематаграфістаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі