Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
14 мая 2022, 11:02

ДАСЬЕ: Выдатны цымбаліст-віртуоз, кампазітар і дырыжор Іосіф Жыновіч

У гэтым годзе спаўняецца 115 гадоў з дня нараджэння цымбаліста-віртуоза, заснавальніка цымбалазнаўства, дырыжора, кампазітара і педагога Іосіфа Іосіфавіча Жыновіча.

Іосіф Іосіфавіч Жыновіч (сапр. Жыдовіч) нарадзіўся 14 мая 1907 года ў вёсцы Арэшкавічы Пухавіцкага раёна ў сялянскай сям'і. Музычны талент перадаўся яму ў спадчыну: дзед і бацька не толькі цудоўна ігралі на цымбалах, але і самі іх майстравалі. У 15-гадовым узросце Іосіф, які не ведаў нот і іграў на слых, адправіўся на праслухоўванне ў першы Беларускі драматычны тэатр (цяпер Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы). Юны віртуоз уразіў прысутных сваім талентам і быў прыняты ў тэатральную трупу ў якасці музыканта-аркестранта. У 1922 годзе ён пачаў сваю прафесійную дзейнасць.

У 1926 годзе Жыновіч паступае ў музычную школу, а праз год - на юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. З'яўляючыся студэнтам БДУ, ён вучыўся ў Мінскім музычным тэхнікуме, таму дыпломы юрыста і музыканта атрымаў адначасова. Аднак любоў да мастацтва перамагла: Іосіф Жыновіч стаў канцэртмайстрам і салістам Беларускага дзяржаўнага ансамбля народных інструментаў, а ў 1941 годзе скончыў тэарэтыка-кампазітарскае аддзяленне Беларускай кансерваторыі.

Перадваенныя гады сталі часам неверагодных творчых поспехаў: Жыновіч праславіўся як выдатны выканаўца, чыя ігра вызначалася віртуознай бліскучасцю, артыстызмам, глыбінёй спасціжэння аўтарскай думкі. У 1939 годзе на першым Усесаюзным аглядзе выканаўцаў на народных інструментах Іосіф Жыновіч быў удастоены другой прэміі і заслужыў пахвалы вядомых музыкантаў.

У гады Вялікай Айчыннай вайны музыкант быў накіраваны ў Казахскую дзяржаўную філармонію, неаднаразова выступаў у складзе франтавых канцэртных брыгад. Пасля вызвалення Мінска Іосіф Жыновіч вярнуўся ў беларускую сталіцу і пачаў выкладаць. У далейшым ён праявіў сябе як таленавіты педагог і арганізатар, які заснаваў у Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі клас цымбалаў і кафедру народных інструментаў, якой загадваў у 1946-1963 гадах.

Самы плённы перыяд у творчасці музыканта звязаны з Дзяржаўным народным аркестрам Рэспублікі Беларусь (цяпер Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Рэспублікі Беларусь імя І. Жыновіча), мастацкім кіраўніком і галоўным дырыжорам якога Іосіф Іосіфавіч стаў у 1946 годзе. Менавіта як дырыжор гэтага аркестра Жыновіч набыў шырокую вядомасць у слухача і заваяваў прызнанне ў прафесійным асяроддзі.

Калектыў пад кіраўніцтвам Іосіфа Жыновіча заклаў фундамент развіцця прафесійнага выканання на народных інструментах у Беларусі. Сам майстар і музыканты аркестра шмат што зрабілі для адраджэння традыцыйных інструментаў - цымбалаў, ліры, жалейкі, дуды, акарыны і інш.

Жыновіч не пакідаў і сольную кар'еру: яго рэпертуар складаўся з арыгінальных кампазіцый, а таксама пералажэнняў класічных твораў. Ён напісаў п'есы для цымбалаў і фартэпіяна, сярод якіх "Беларуская танцавальная сюіта", "Працяжная і карагодная"; для квартэта цымбалаў - "Беларуская сюіта", "Беларуская песня і танец" і шмат іншых. Ім зроблены пералажэнні для народных інструментаў класічных твораў Барадзіна, Чайкоўскага, Мусаргскага, Моцарта, Штрауса, Шапэна і іншых вядомых кампазітараў. Цымбалы Жыновіча гучалі ў канцэртных залах Германіі, Канады, Польшчы, Фінляндыі, Францыі, Чэхіі.

Выдатны музыкант і кампазітар пакінуў пасля сябе вялікую тэарэтычную спадчыну: работы даследчага, метадычнага і асветнага характару, прысвечаныя беларускім цымбалам. Ён з'яўляецца аўтарам кнігі "Школа для беларускіх цымбалаў" - першага навучальнага дапаможніка па ігры на гэтым інструменце. У маштабным даследаванні "Гісторыя развіцця народных цымбалаў у Беларусі" Іосіф Жыновіч абагульніў і сістэматызаваў звесткі аб цымбалах.

Дзейнасць бліскучага выканаўцы, дырыжора і кампазітара была адзначана вышэйшымі ганаровымі званнямі Беларусі і Савецкага Саюза. У 1968 годзе яму было прысвоена званне народнага артыста СССР і Дзяржаўная прэмія БССР.

Памёр Іосіф Жыновіч у 1974 годзе. Ён пахаваны на Усходніх могілках у Мінску. У памяць аб таленавітым музыканце ўстаноўлена мемарыяльная дошка на доме ў Мінску, дзе ён жыў. Цяпер імя Іосіфа Жыновіча носіць адна са сталічных вуліц, а таксама Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Беларусі.

У краіне раз у тры гады праходзіць Рэспубліканскі адкрыты конкурс выканаўцаў на народных інструментах імя Іосіфа Жыновіча. Конкурс праводзіцца Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь і арганізуецца пры садзейнічанні спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі