
Сёння спаўняецца 140 гадоў з дня нараджэння лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі, заслужанага дзеяча культуры БССР, таленавітага беларускага пісьменніка Янкі Маўра (Івана Міхайлавіча Фёдарава). Яго з павагай называюць патрыярхам беларускай дзіцячай літаратуры і адным з яго заснавальнікаў.
Янка Маўр - першаадкрывальнік прыгодніцкага жанру ў беларускай літаратуры, стваральнік першай беларускай навукова-фантастычнай аповесці. Ён аўтар кніг для дзяцей, п'ес, перакладаў. Застаючыся пісьменнікам нацыянальна самабытным, Маўр звярнуўся да традыцый сусветнай дзіцячай класікі, садзейнічаў пашырэнню ўзаемасувязей беларускай дзіцячай літаратуры з літаратурамі іншых народаў, шмат зрабіў для папулярызацыі беларускай дзіцячай кнігі. Па рашэнні ЮНЕСКА 100-годдзе пісьменніка адзначалася ва ўсім свеце.
Нарадзіўся Янка Маўр 10 мая 1883 года ў партовым горадзе Лібавэ (цяпер горад Ліепая, Латвія), куды трапіў у пошуках лепшага жыцця яго бацька - беззямельны беларускі селянін. Тата пісьменніка рана памёр, і маці вымушана была вярнуцца з маленькім сынам у сваю родную вёску Лебанішкі, якая знаходзілася ў глухім лесе на граніцы Літвы і Беларусі. Там і прайшло дзяцінства маленькага Янкі. Скончыўшы пачатковую школу, ён паступіў у рамеснае вучылішча ў Каўнасе. Гэтыя гады жыцця будучага пісьменніка апісаны ім у аўтабіяграфічнай аповесці "Шлях з цемры".

Пасля заканчэння вучылішча паступіў у Панявежскую настаўніцкую семінарыю, з якой яго выключылі з апошняга курса за вальнадумства. У 1903 годзе здаў экзамены экстэрнам. У 1903-1906 гадах быў настаўнікам. За ўдзел у 1906 годзе ў нелегальным з'ездзе настаўнікаў паўбаўлены права выкладаць. З 1911 года працаваў у школах Мінска настаўнікам геаграфіі і гісторыі, пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі - у рэспубліканскім саюзе работнікаў асветы, у Беларускім дзяржаўным выдавецтве. У 1923 годзе дэбютаваў як фельетаніст у газеце "Советская Белоруссия" і ленінградскім часопісе "Бегемот".
Літаратурная творчасць Янкі Маўра стала адзіным працягам яго педагагічнай дзейнасці. Пры гэтым у літаратуру ён прыйшоў, калі яму было за 40 гадоў, ён меў немалы жыццёвы і больш як 20-гадовы педагагічны вопыт. У 1926-1927 гадах у часопісе "Белорусский пионер" надрукаваў першую аповесць на беларускай мове "Чалавек ідзе!..", якая расказвала пра першабытных людзей. Твор задумваўся спачатку як своеасаблівы навучальны дапаможнік пра дагістарычны час. Чытацкі поспех быў велізарным. На часопіс пасыпаўся шквал пісем - юныя чытачы прасілі друкаваць працяг. Таму Янка Маўр вырашыў і далей працаваць у жанры дзіцячай прыгодніцкай і навука-пазнавальнай літаратуры. Кожны новы твор карыстаўся нязменнай папулярнасцю. Ён добра ведаў дзіцячую псіхалогію, заўсёды на роўных гаварыў са старонак сваіх кніг з дзецьмі і пра дзяцей: "Хоць малыя, а чалавекі".

Апавяданні "Слёзы Тубі", "Незвычайная прынада", "Лацароні", аповесці "У краіне райскай птушкі" (1927), "Сын вады" (1928), першы ў беларускай літаратуры прыгодніцкі раман "Амок" (1929) знаёмілі чытачоў з рознымі экзатычнымі краінамі, паказвалі барацьбу народаў супраць каланіяльнага прыгнёту.
Янка Маўр не быў ні ў якіх далёкіх краінах, але падарыў свету цудоўныя экзатычныя гісторыі, дзеянне якіх адбываецца ў джунглях і на акіянскіх астравах - у Інданезіі, Новай Гвінеі, Кітаі, Індыі. Чытаючы яго кнігі, многія думалі, што Маўр - іншаземец або нейкі вядомы падарожнік. Пісьменніка называлі беларускім Міклуха-Маклаем і Жулем Вернам у адной асобе. Нават сапраўдныя падарожнікі здзіўляліся дакладнасці дэталей, што апісвалі тую ці іншую краіну ў творах Янкі Маўра. Мастак М.Рыжыкаў некалі намаляваў яго графічны партрэт у вобразе бывалага капітана на фоне парусаў, мачтаў, хваль і зорак.
У пісьменніка быў свой сакрэт. На дачы недалёка ад Мінска Янка Маўр збудаваў шалаш-кабінет з лазы. Імправізаваны пісьмовы стол стаяў на мастках над Свіслаччу, таму можна было сачыняць кнігі пра далёкія краіны, звесіўшы ногі ў ваду і ўяўляючы сябе на беразе акіяна. Акрамя таго, Маўр меў вялікія веды па гісторыі і геаграфіі, выкарыстоўваў у творчасці мемуары і кнігі ўспамінаў вучоных, падарожнікаў.

Абапіраючыся на традыцыі творчасці Ж.Верна, Ф.Купера, М.Рыда, пісьменнік стварыў новы, сацыяльны па сваёй сутнасці, тып прыгодніцкага рамана і прыгодніцкай аповесці. У аповесцях "Палескія рабінзоны" (1930) і "ТВТ" (1934) ён адлюстраваў савецкую рэчаіснасць, ярка і праўдападобна апісаў маладых герояў. У 1934 годзе выйшаў фільм "Палескія рабінзоны", сцэнарыстам якога стаў Янка Маўр.
Казка "Вандраванне па зорках" (1927), "Аповесць будучых дзён" (1932) і аповесць "Фантамабіль прафесара Цылякоўскага" (1954-1955) заклалі асновы навукова-фантастычнага жанру ў беларускай літаратуры.
У творчай скарбонцы аўтара ёсць п'есы "Памылка" (1940), "Хата з краю" (1941), "Балбатун" (1946), пераклады на беларускую мову твораў вядомых рускіх пісьменнікаў - А.Чэхава, М.Прышвіна, Д.Маміна-Сібірака, а таксама замежных - Р.Кіплінга, М.Твэна, Ж.Верна і інш.
У старасці Янка Маўр аслеп, але па-ранейшаму заставаўся вельмі добрым і спагадлівым чалавекам. Пра гэта сведчыць дзіўны выпадак. Пісьменнік з сям'ёй адпачываў на Чорным моры. Пяцігадовая дзяўчынка побач пачала тануць. 72-гадовы, ужо сляпы, Маўр кінуўся ў мора на крык і выратаваў дзіця.
Янка Маўр памёр 3 жніўня 1971 года. Пахаваны ў Мінску на Усходніх могілках. Імем Янкі Маўра названы дзве вуліцы ў Беларусі - у Мінску і Пінску, а таксама Мінская абласная дзіцячая бібліятэка. У 1972 годзе пісьменнік быў удастоены звання лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР за мастацкія творы для дзяцей і юнацтва. З 1993 года ў Беларусі прысуджаецца прэмія імя Янкі Маўра за найлепшыя творы для дзяцей. Творы Янкі Маўра перакладаліся на рускую, украінскую, літоўскую мовы, асобныя з іх выдаваліся ў ЗША, Англіі. Надзвычай высока цанілі талент пісьменніка, яго заслугі перад роднай культурай і літаратурай Я.Купала, Я.Колас, І.Мележ, М.Лынькоў.
У гонар 140-годдзя з дня нараджэння заснавальніка беларускай дзіцячай літаратуры Янкі Маўра ў парку пісьменнікаў каля Нацыянальнай бібліятэкі ў Мінску было высаджана новае дрэва. Ініцыятарамі выступілі члены Саюза пісьменнікаў Беларусі.
