Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
14 лютага 2023, 12:13

ДАСЬЕ: Да 110-годдзя з дня нараджэння народнага мастака Беларусі Віталя Цвіркі

Сёння спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння народнага мастака Беларусі Віталя Цвіркі.

Нарадзіўся Віталь Канстанцінавіч Цвірка 14 лютага (1 лютага па старым стылі) 1913 года ў вёсцы Радзеева Буда-Кашалёўскага раёна ў сям'і сельскіх настаўнікаў. Бацька будучага мастака захапляўся творчасцю рускіх мастакоў Пярова, Рэпіна, Крамскога, сцены дома былі абвешаны рэпрадукцыямі іх работ. У хуткім часе сям'я Цвіркаў пераехала ў Мінск. У школе на малюнкі Віталя Цвіркі звярнулі ўвагу педагогі па маляванні, будучыя вядомыя беларускія жывапісцы Міхаіл Станюта і Анатоль Тычына. Яны пачалі даваць яму прыватныя ўрокі. Вялікі ўплыў на фарміраванне творчай асобы мастака аказаў беларускі пісьменнік, паэт і драматург Кандрат Крапіва.

Вытокі творчасці Віталя Цвіркі вядуць у далёкую пару юнацтва, якое прайшло на Гомельшчыне. Хараство сельскіх фарбаў, паэтычныя і пявучыя матывы прыроды пакінулі адбітак у сэрцы юнака. Паслярэвалюцыйная вёска, дзе бурліла жыццё, дзе моладзь імкнулася ажыццявіць свае мары, адкрыла дарогу і для Віталя Цвіркі ў прывабны і нязведаны свет мастацтва. Любоў да малявання прывяла будучага мастака ў Віцебскі мастацкі тэхнікум. У 1932 годзе ён скончыў тэхнікум, а ўжо ў 1935 годзе ўдзельнічаў у мастацкай выставе ў Маскве, поспех у якой прывёў да паступлення ў Маскоўскі мастацкі інстытут імя Сурыкава.

Рэпрадукцыя работы Віталя Цвіркі

У час Вялікай Айчыннай вайны інстытут быў эвакуіраваны ў Самарканд, дзе ў 1942 годзе мастак і атрымаў дыплом аб вышэйшай адукацыі. Нягледзячы на ўсе цяжкасці, гэта быў час пошукаў, фарміравання мастацкага тэмпераменту, імкнення да душэўнай цэльнасці, час вызначэння творчай асобы Віталя Цвіркі, яго стаўлення да мастацтва. Работы мастака, напісаныя ў час вайны ў далёкім Узбекістане, - "Самарканд", "Узбекскі дворнік", "Узбечка", "Раніца. Кішлак" - экспанаваліся ў 1944 годзе ў Маскве на выставе твораў беларускіх мастакоў, прысвечанай 25-годдзю БССР.

У 1944 годзе пасля вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх акупантаў Віталь Канстанцінавіч вярнуўся ў сталіцу Беларусі, дзе актыўна стаў займацца жывапісам на ваенна-гістарычную і пасляваенную тэматыку. У 1946 годзе ён стаў членам Саюза мастакоў БССР.

Пасля вайны Віталь Цвірка на працягу многіх гадоў займаўся педагагічнай дзейнасцю. У 1947 годзе пачаў выкладаць у Мінскім мастацкім вучылішчы, а з 1952-га - у Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце, дзе спачатку загадваў кафедрай жывапісу. У далейшым ён атрымаў званне прафесара і ў 1958-1960 гадах займаў пасаду рэктара інстытута. Віталя Канстанцінавіча можна было бачыць у наваколлі Мінска разам са студэнтамі тэатральна-мастацкага інстытута. Як настаўнік і мастак, ён перадаваў свой вопыт і веды моладзі і вучыўся сам у яе быць маладым. Сярод вучняў Цвіркі выдатныя беларускія мастакі: Леанід Шчамялёў, Барыс Аракчэеў, Віктар Грамыка, Георгій Паплаўскі, Іван Рэй, Мікалай Казакевіч, Дзмітрый Алейнік і іншыя.

Рэпрадукцыя работы Віталя Цвіркі "Суботнi дзень. Лазня"

Багатая творчая спадчына жывапісца - гэта маштабнасць гістарычных палоцен і ціхая лірыка эцюдаў, паэтыка гераічнага пейзажу. Здабыткам гісторыі айчыннага мастацтва сталі карціны "Палонных вядуць", "Сельская настаўніца". Шмат гадоў працаваў мастак над вялікім палатном "Паўстанне рыбакоў на возеры Нарач", прысвечаным вызваленчай барацьбе працоўных Заходняй Беларусі. Цэнтральным творам мастака пра ваенны час можна лічыць палатно "Няскораныя", прасякнутае глыбокім роздумам аб мужнасці савецкага салдата, яго высакароднасці і прыгажосці яго душы. У памяць пра веліч барацьбы народа, яго неадольную сілу Віталь Цвірка напісаў трыпціх "Свяшчэнныя камяні", у якім паказаў руіны Брэсцкай крэпасці-героя, якая пакрыла сябе нязгаснай славай у грозныя гады Вялікай Айчыннай вайны.

Наступныя гады мастак больш захапляўся лірычным пейзажным і пейзажна-манументальным жывапісам. Менавіта пейзаж-карціна прынесла Віталю Цвірку заслужаны поспех і стала значным этапам у пасляваенным беларускім мастацтве. У сваіх пейзажах ён улавіў непаўторныя рысы беларускай прыроды - яе сардэчны рытмічны настрой. Многія з іх увайшлі ў залаты фонд сучаснага жывапісу.

У такіх шырока вядомых карцінах, як "Родны край", "Возера Сялява", "Сакавік. Халодны дзень" і ў мностве іншых жыве сапраўднае хараство нашай зямлі, яе глыбінны магутны дух. Трыпціх Цвіркі "На зямлі беларускай" па праву заняў пачэснае месца ў гісторыі нашага мастацтва. Тры часткі гэтага твора "Вясна", "Лета", "Восень" - гэта гімн прыродзе, Беларусі, яе працавітым людзям. Сярод твораў вылучаецца палатно "Ціхі дзень згасаў". Ён не толькі глыбока лірычны ў сваім матыве, але і паказальны для жывапіснай манеры Віталя Цвіркі. Пейзаж адлюстроўвае зімовае поле з шэрымі дахамі сельскіх хат. Пераканаўча перададзена цішыня, спакой, задуменны стан прыроды, нібыта ахутанай мроямі.

В. Цвірка. "Вязынка"

Віталь Цвірка стварыў серыі мемарыяльных гарадскіх пейзажаў, звязаных з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі, партрэтаў удзельнікаў партызанскага руху для Дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску.

У 1961-1967 гадах мастак быў сакратаром праўлення Саюза мастакоў СССР, а ў 1962-1963 - старшынёй праўлення Саюза мастакоў БССР.

Памёр жывапісец у 1993 годзе. За многія гады ў творчых майстэрнях Віталя Канстанцінавіча створаны тысячы пейзажаў, карцін, нацюрмортаў, партрэтаў. Многія з яго твораў знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, фондах Беларускага саюза мастакоў, Траццякоўскай галерэі ў Маскве, у многіх краязнаўчых музеях Беларусі. Мастацтва гэтага таленавітага майстра кранае перш за ўсё сваёй шчырасцю і настроем. Яно глыбока патрыятычна. Патрыятызм відаць у адносінах да роднай зямлі, якую ён так натхнёна ўслаўляў.

За значны ўклад у развіццё беларускага выяўленчага мастацтва Віталь Канстанцінавіч Цвірка ўзнагароджаны ордэнам Дружбы народаў і медалём Францыска Скарыны, а таксама залатым медалём ВДНГ СССР.

Імя таленавітага мастака прысвоена дзіцячай мастацкай школе нумар 1 горада Мінска. У памяць пра яго ў Беларусі выпушчаны паштовыя маркі з рэпрадукцыямі яго карцін.

Да 100-годдзя з дня нараджэння народнага мастака, 14 лютага 2013 года, у Нацыянальным мастацкім музеі прайшла прэзентацыя кнігі "Віталь Цвірка" з серыі "Знакамітыя мастакі з Беларусі". З 15 сакавіка па 3 чэрвеня 2013 года ў музеі прайшла выстава "Дыханне Сусвету". У экспазіцыі былі прадстаўлены больш за 80 твораў мастака.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі