Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
18 лютага 2022, 10:23

ДАСЬЕ: Да 100-годдзя з дня нараджэння Міхаіла Савіцкага

У 2022 годзе спаўняецца 100 гадоў са дня нараджэння народнага мастака Беларусі Міхаіла Савіцкага, чыя творчасць азнаменавала цэлую эпоху ў нацыянальным мастацтве.

Лукашэнка: творчасць Савіцкага ўзбагаціла сучасную культуру і назаўсёды ўвайшла ў гісторыю незалежнай БеларусіЛукашэнка: творчасць Савіцкага ўзбагаціла сучасную культуру і назаўсёды ўвайшла ў гісторыю незалежнай Беларусі
"Творчасць мастака стала новым словам у мастацтве і атрымала сусветнае прызнанне. Яго працы ўзбагацілі сучасную культуру і назаўсёды ўвайшлі ў гісторыю незалежнай Беларусі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Міхаіл Андрэевіч Савіцкі - народны мастак Беларусі (1972) і СССР (1983), правадзейны член Расійскай акадэміі мастацтваў і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Першы, хто быў узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны (1997). Указам Прэзідэнта Беларусі нумар 135 ад 1 сакавіка 2006 года Міхаілу Савіцкаму было прысвоена званне "Герой Беларусі".

Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Міхаіла Савіцкага з 75-годдзем. 18.02.1997

Міхаіл Савіцкі з'яўляецца лаўрэатам дзяржаўных прэмій Беларусі (1970, 1980, 1998), Дзяржаўнай прэміі СССР (1973), Міжнароднай прэміі Фонду Святога Усехвальнага апостала Андрэя Першазванага (1999), прэстыжнай прэміі Міхаіла Шолахава (2002). Ён узнагароджаны ордэнамі Леніна (1982), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1972), Айчыннай вайны II ступені (1985), "Знак Пашаны" (1967). Ганаровы грамадзянін горада Мінска (2001).

Мастак нарадзіўся 18 лютага 1922 года ў вёсцы Звянячы Талачынскага раёна на Віцебшчыне. Дваццацігадовым юнаком ваяваў з фашыстамі ў радах Чырвонай Арміі. Амаль у самым пачатку вайны апынуўся ў канцлагерах Дзюсельдорф, Бухенвальд, Дахау. Цудам застаўся жывым: вызваленне лагера саюзнікамі адбылося ў той час, калі ён пасля 17-дзённага знаходжання пад арыштам за арганізацыю ўцёкаў, знясілены, згасаў у тыфозным бараку.

г. Масква. I З'езд народных дэпутатаў СССР. 25.05.1989

Народны мастак СССР М.Савіцкі ў сваёй майстэрні. 30.07.1982

Пасля вайны, у 1951 годзе, скончыў Мінскае мастацкае вучылішча (цяпер Мінскае дзяржаўнае мастацкае вучылішча імя А.К. Глебава) і Маскоўскі мастацкі інстытут імя Сурыкава (1957). Жыў і працаваў у Мінску. З 1980 года - кіраўнік Творчых майстэрняў жывапісу Акадэміі мастацтваў СССР у Мінску (з 1991-га - Творчыя акадэмічныя майстэрні Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь).

Міхаіл Савіцкі праславіўся сваімі работамі на ваенную тэматыку ў галіне станковага і манументальнага жывапісу. Зварот Савіцкага да манументальнага мастацтва быў абумоўлены самой прыродай яго мастацкага мыслення. Для мастака характэрна публіцыстычнае, эмацыянальна-экспрэсіўнае раскрыццё гістарычных і сучасных тэм. Творчасць Савіцкага вызначаецца глыбокім пранікненнем у сутнасць з'яў, іх філасофскім асэнсаваннем. У аснове твораў ваеннай тэматыкі - асабістыя ўражанні ад злачынстваў фашыстаў.

Створанай у 1963 годзе карцінай "Партызаны" мастак адразу заявіў аб сабе як аб адным з найбуйнейшых майстроў "суровага стылю". Карціна апынулася на грэбні тых пошукаў, якія намеціліся ў беларускім мастацтве ў пачатку 1960-х гадоў. Работа Савіцкага ўвасобіла стылістычныя рысы, характэрныя для савецкага жывапісу гэтага перыяду. У "Партызанах" сканцэнтраваўся ўвесь жыццёвы і прафесійны вопыт саракагадовага майстра.

Карціна "Партызанская мадонна" (1967) найбольш поўна ўвасобіла філасофска-творчае крэда майстра і асаблівасці яго мастацкага метаду. У хуткім часе пасля стварэння палатно было набыта Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэяй. "Партызанская мадонна" экспанавалася на многіх міжнародных выставах - у Італіі, Канадзе, Англіі, Венгрыі, Германіі, Румыніі, Японіі, Манголіі. У 1978 годзе Савіцкі напісаў "Партызанскую мадонну (Мінскую)".

У 1972 годзе майстрам створаны тэмперны роспіс для Музея Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску. У складанай кампазіцыі твора экспрэсія чырвонага, чорнага і вохры нясе ідэйна-сімвалічную нагрузку.

Страшэнную праўду аб мінулым у імя будучыні нясуць 16 палотнаў Міхаіла Савіцкага пад назвай "Лічбы на сэрцы" (1974-1980), прысвечаныя жахам канцлагераў. Серыя карцін "Лічбы на сэрцы" - з'ява, якая не мае аналагаў у мастацтве па складанасці і маштабнасці вырашэння мастацкіх задач.

Шырока вядомы жывапісныя творы: "Віцебскія вароты" (1967), "Поле" (1974), "Плач па загінуўшых героях" (1974), а таксама трыпціх "Агрэсія" (1984), прасякнутыя антыфашысцкім пафасам і публіцыстычнасцю.

Народны мастак СССР Міхаіл Савіцкі. 20.05.1982

Ваенная тэма - вядучая, але не адзіная ў жывапісе Савіцкага. Залатым медалём Акадэміі мастацтваў БССР адзначана серыя Міхаіла Савіцкага "Чорная быль" (1987-1992). Да 20-годдзя катастрофы на ЧАЭС выстава жывапісу "Чорная быль" экспанавалася ў Нацыянальным мастацкім музеі. У карцінах "Эвакуацыя", "Відушчы", "Крыж надзеі", "Пакінутыя", "Доля" мастак адлюстраваў падзеі постчарнобыльскага жыцця людзей; цяжкі шлях пераадолення катастрофы паказаны ў работах "Рэквіем", "Чарнобыльская мадонна", "Алегорыя Чарнобыля" і інш.

Шмат карцін мастак прысвяціў тэме гісторыі станаўлення беларускай нацыянальнай культуры: "Сейбіты" (1972), цыкл палотнаў для музея Я. Купалы ў Мінску і інш.

Тэма сялянскай працы таксама прысутнічае ў творчасці майстра. У "мірных" палотнах стаўленне чалавека да зямлі, збожжа, хлеба паказана з асаблівай павагай. Беражліва перасыпаюць зярняты з далоні на далонь тры немаладыя вяскоўцы ў карціне "Ураджай" (1966-1967). У кожнага свая ўласная дума аб збожжы, але ў розных станах герояў - трывозе, заклапочанасці, мудрым спакоі - ёсць аднолькава патрабавальная ацэнка вынікаў сваёй працы. Карціна "У полі (Пара сяўбы азімых)" (1971) - аб людзях, якія напружана думаюць пра будучы ўраджай. Адзіны, пазбаўлены мітусні, сканцэнтраваны стан мае ў персанажаў індывідуальнае адценне, што раскрывае моцны, самабытны характар.

Міхаіл Савіцкі вядомы і дзякуючы партрэтам. Сярод партрэтных работ: "Жаночы партрэт" (1966), "Янка Купала" (1979), "Пушкін і Ганчарова" (1986). "Дастаеўскі" (1988) і інш. У 2000-2002 гадах мастаком створана серыя партрэтаў прэзідэнтаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Творы Міхаіла Савіцкага знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, фондах Беларускага саюза мастакоў і Міністэрства культуры Расіі, выставачным аб'яднанні "Цэнтральны дом мастака", Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі ў Маскве. Творчая спадчына Міхаіла Савіцкага складае каля 200 работ.

Міхаіл Андрэевіч памёр 8 лістапада 2010 года на 89-м годзе жыцця. Пахаваны на Усходніх могілках Мінска.

7 верасня 2012 года была адкрыта Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага. У адкрыцці аб'екта прыняў удзел Прэзідэнт Беларусі. На памяць аб наведванні мастацкай галерэі кіраўнік дзяржавы пакінуў запіс у Кнізе пачэсных гасцей. "З пачуццём асаблівага хвалявання я наведаў галерэю Міхаіла Андрэевіча Савіцкага - чалавека, якога добра ведаў і глыбока паважаў, мастака, чыя творчасць стала новым словам у мастацтве і атрымала сусветнае прызнанне, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Няхай жа галерэя твораў гэтага выдатнага сына роднай зямлі, якая адкрылася сёння ў Мінску, паслужыць духоўнаму ўзбагачэнню людзей, напаўняючы сэрцы гонарам за наш таленавіты народ, які падарыў чалавецтву такога Майстра".

Мастацкая галерэя размясцілася ў будынку на плошчы Свабоды, 15, пабудаваным у XVIII стагоддзі. Рашэнне аб стварэнні галерэі было прынята яшчэ пры жыцці мастака. Менавіта Міхаіл Андрэевіч выбраў гэты будынак як месца размяшчэння галерэі. З яго ж згоды ён быў рэканструяваны і дабудаваны як музейны аб'ект двайнога прызначэння, які сумяшчае мастацкую галерэю і экспазіцыю, звязаную з гісторыяй гэтага будынка.

Сёння ў галерэі дэманструюцца адноўленыя інтэр'еры майстэрні і рабочага кабінета Міхаіла Савіцкага, матэрыялы, звязаныя з яго біяграфіяй, - асабістыя рэчы, узнагароды, дакументы, фатаграфіі, пісьмы, кнігі з аўтографамі і г.д. Таксама тут размяшчаецца экспазіцыя, прысвечаная творчасці Міхаіла Савіцкага. Яна сфарміравана з работ, набытых у мастака або падораных ім, перададзеных на часовае захоўванне сям'ёй мастака, а таксама беларускімі музеямі. За стварэнне экспазіцыі і папулярызацыю творчай спадчыны знакамітага беларускага мастака калектыву музея прысуджана спецыяльная прэмія Прэзідэнта Беларусі дзеячам культуры і мастацтва. Акрамя пастаяннай экспазіцыі ў галерэі рэгулярна праводзяцца мастацкія выставы і ўнікальныя культурныя мерапрыемствы.

У 2012 годзе ў гонар Міхаіла Савіцкага была адкрыта мемарыяльная дошка, створаная скульптарам Валянцінам Занковічам за кошт гарадскога бюджэту на падставе рашэння Мінгарвыканкама. Устаноўлена яна на доме па вуліцы Беламорская, 17, дзе пражываў мастак. "Яшчэ пры жыцці Міхаіл Савіцкі прасіў, каб усё было зроблена сціпла, без пампезнасці. Нават без партрэта. Усе гэтыя пажаданні я ўлічыў пры стварэнні дошкі", - сказаў Валянцін Занковіч. Акрамя пералічэння галоўных рэгалій мастака на мемарыяльнай дошцы ёсць толькі пэндзлі і палітра.

Пра Міхаіла Савіцкага створаны дакументальны фільм па сцэнарыі Генадзя Бураўкіна "Абпаленая памяць", а таксама дакументальны фільм АТН Белтэлерадыёкампаніі "Міхаіл Савіцкі. Тайны біяграфіі".

У 2013 годзе адбылася прэзентацыя кнігі "Міхаіл Савіцкі" з серыі "Славутыя мастакі з Беларусі".

У 2020 годзе адна з новых вуліц сталіцы была названа ў гонар вялікага мастака.

Да юбілею Міхаіла Савіцкага запланаваны вялікі цыкл мерапрыемстваў, іх больш за 20. Акрамя выставачных, будуць мерапрыемствы і ў сучасных фарматах.

У мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага напярэдадні дня нараджэння майстра, 17 лютага, адкрылася выстава "Міхаіл Савіцкі. Спадчына", дзе прадстаўлены работы не толькі самога Савіцкага, але і творчасць выхаванцаў творчых акадэмічных майстэрняў.

18 лютага ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адбудзецца адкрыццё часовай экспазіцыі "Лічбы на сэрцы", на якой будуць прадстаўлены работы майстра з 1974-1979, 1987 гадоў, калі ён быў ужо сталым і запатрабаваным мастаком.

Таксама ў бягучым годзе Нацыянальны банк плануе выпусціць у абарачэнне памятную манету, прысвечаную 100-годдзю з дня нараджэння Міхаіла Савіцкага.

Міхаіл Андрэевіч Савіцкі назаўсёды ўвайшоў у гісторыю Беларусі як найвялікшы майстар мастацтва сучаснасці, выдатны педагог і грамадскі дзеяч, чыя творчасць складае адну з самых яркіх старонак нацыянальнай культуры.-0-

Народны мастак СССР М.А.Савіцкі. 29.10.1979

Міхаіл Савіцкі: галоўнае для мастака - быць шчырым

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі