15 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі 16 лютага прэзентуюць дакументальнае выданне "Халакост у Беларусі: трагедыя і памяць", паведамілі БЕЛТА ў НББ.
У зборнік уключана 517 дакументаў, якія расказваюць пра палітыку нацыстаў адносна яўрэйскага насельніцтва на тэрыторыі акупіраванай Беларусі, яго знішчэнне, пасляваеннае расследаванне ўчыненых злачынстваў і захаванне памяці пра ахвяр халакосту.
У выданні ёсць некалькі дадаткаў: "Спіс месцаў прымусовага ўтрымання яўрэяў", "Спіс месцаў масавага знішчэння і дэпартацыі яўрэяў на акупіраванай тэрыторыі Беларусі", "Спіс месцаў прымусовага ўтрымання і знічшэння яўрэяў, увекавечаных на Сцяне памяці ў Дзяржаўным мемарыяльным комплексе "Хатынь".
Дакументальнае выданне падрыхтаваў Нацыянальны архіў Беларусі пры ўдзеле Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі, пасольства Ізраіля ў Беларусі і архіўных устаноў рэспублікі.
У прэзентацыі зборніка прымуць удзел прадстаўнікі дыпламатычных місій, акрэдытаваных у Беларусі, дзяржорганаў і грамадсксці, архівісты, гісторыкі.-0-